Пуцін пазычыў грошай


Крэдыт і працяг эканамічнай ды вайсковай супрацы паабяцаў Уладзімір Пуцін Аляксандру Лукашэнку на сустрэчы ў Сочы. Перамовы доўжыліся больш за 4 гадзіны. Што Крэмль хоча ўзамен за дапамогу Лукашэнку?

На перамовах было горача, але цікава – пракаментавала сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі агенцтва «РИА Новости». Расея застаецца адданай усім дамоўленасцям з Менскам – заявіў Уладзімір Пуцін і паабяцаў грашовую дапамогу.

«Мы дамовіліся пра тое, што Расея дасць Беларусі ў гэты складаны момант крэдыт на 1,5 мільярда долараў, і мы гэта выканаем», – запэўніў кіраўнік Расеі.

А напрыканцы жніўня Лукашэнка прасіў толькі пра мільярдную пазыку. Аднак каб спыніць падзенне беларускай эканомікі, трэба больш.

«Тры мільярды было б лепш. Аднак гэта тры мільярды не на інвестыцыі, на стварэнне новых крыніцаў даходаў, а на тое, каб сітуацыя не стала больш трагічнай. Так што мінус 3–5 % ВУП нам гарантаваныя», – прагназуе кіраўнік Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Тры мільярды долараў Менск штогод аддае за раней узятыя пазыкі. Экспарт у выніку сусветнага крызісу ўпаў, крыніцы валютных паступленняў высахлі. За месяц золатавалютныя рэзервы краіны зменшыліся на паўтара мільярда долараў. Пасля сфальсіфікаваных выбараў беларусы забралі з банкаў шостую частку ўкладаў. Маніфестацыі дакаціліся ўчора ажно да Драздоў. Спыніць народнае абурэнне Лукашэнка разлічвае зменамі ў Канстытуцыі.

«Мы ведаем пра вашую прапанову пачаць перамовы аб Канстытуцыі. Лічу гэта своечасовым і мэтазгодным. Нам таксама вядомая пазіцыя, якую агучылі вашыя прадстаўнікі ў АБСЕ. Ужо створаная адпаведная структура на чале з намеснікам старшыні Канстытуцыйнага Суда», – падзяліўся Уладзімір Пуцін.

Аднак ці дасць беларусам дэмакратыю канстытуцыйная рэформа ў выданні Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна?

«Зробяць імітацыйны круглы стол, працягнуць той праект Канстытуцыі, які патрэбны Лукашэнку. Зойме гэта гады два, а потым няма ніякай гарантыі, што ён правядзе выбары. Ён можа, наадварот, абнуліць свае тэрміны, як было пасля рэферэндуму 1996 года», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Шмат хто з назіральнікаў хвалюецца, што Лукашэнка ўзамен свайго падтрымання можа гандляваць суверэнітэтам. З Масквы справа выглядае інакш.

«Не ўратуе яго інтэграцыя. І самае смешнае, што тая ж Масква не мае даверу. Ну падпіша Лукашэнка ўсё, што захоча, аднак у Маскве не дурні сядзяць – далей што? А самае страшнае, што рэзкі скок інтэграцыйнай актыўнасці можа падвоіць і патроіць пратэсты!» – асцерагаецца палітолаг Андрэй Суздальцаў.

А што ж Аляксандр Лукашэнка можа прапанаваць Расеі ўзамен на выдадзеныя крэдыты і палітычнае падтрыманне?

«Лукашэнку ёсць што прапанаваць з тых актываў, на якія Расея прэтэндуе ўжо даўно. Гэта, напрыклад, беларуская чыгунка. Гэта ўвогуле камунікацыі, увогуле транспарт» – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

«Некалі, яшчэ ў часы Мядзведзева, Расея накідала гэтак званыя пяць інтэграцыйных праектаў, сярод іх – кааперацыя МАЗу з КамАЗам, інтэграцыя ў расейскія структуры Заводу колавых цягачоў і «Горадня Азоту», «Інтэгралу», «Пеленгу», – нагадвае Аляксандр Класкоўскі.

«Я вельмі шкадую, што вы вырашылі весці дыялог з узурпатарам, а не з беларускім народам», – так перамовы Пуціна з Лукашэнкам пракаментавала Святлана Ціханоўская.

Крэдыт, на ейную думку, можа працягнуць агонію Лукашэнкі, але «перамогі народу перадухіліць не зможа».

Аляксандр Папко, «Белсат»