Аб'ектыў 27.03.2018 Пуцін не выйшаў да жыхароў Кемерава


У Расеі абвесцілі нацыянальную жалобу ў сувязі з трагедыяй у Кемерава. На месцы трагедыі з’явіўся Уладзімір Пуцін. Людзі, якія страцілі ў пажары блізкіх, а таксама тыя, хто хочуць пачуць ад уладаў праўду пра колькасць ахвяраў пажару, выйшлі на мітынгі пратэсту. Сваякам загінулых спачуваюць ува ўсім свеце.

Услед за горам, якое ахапіла людзей па ўсёй Расеі, наспела грамадскае абурэнне. Ад раніцы ля будынку адміністрацыі ў Кемерава сабраліся тысячы людзей з пратэстам супраць абыякавага стаўлення да пажарнай бяспекі. Паводле следчых, аварыйныя выхады ў «Зимней вишни» былі незаконна заблакаваныя, а сістэма пажарнай сігналізацыі не спрацавала належным чынам. Полымя, якое 25 сакавіка разгарэлася ў гандлёвым цэнтры, ахапіла апошнія паверхі будынку. Там месціліся кінакомплекс і дзіцячая пляцоўка для гульняў.

«Вось маіх мы яшчэ маглі апазнаць, таму што яны дзесьці задыхнуліся проста. Іншых прывозілі – паўгалавы няма ў дзяцей, без рук, без ног. Мяшок адкрываюць, а там проста зваленыя рукі, ногі», – кажа жыхар Кемерава Сяргей Агаркоў.

Найбольш верагодная версія здарэння – загаранне электраправодкі. З трэцяга паверху полымя з вялікаю хуткасцю перакінулася на кінатэатр, дзе адбываўся сеанс мультфільму, і літаральна за некалькі хвілінаў ужо ахапіла тэрыторыю 1600 квадратных метраў. У асобных кропках тэмпература паднялася да 600 градусаў. Паводле «Інтэрфаксу», сярод 64-ох загінулых – 41 дзіця.

Пратэстоўцы сцвярджаюць, што сапраўдную колькасць ахвяраў замоўчваюць. Яны заклікаюць улады распавесці праўду.

«Напісалі, 200 вывелі. Каго яны 200 вывелі? Тыя 200 выйшлі самі. І іншыя задыхаліся на трэцім і чацвёртым паверхах», – кажа Агаркоў.

Сёння, амаль праз два дні пасля трагедыі, у Кемерава прыбыў Уладзімір Пуцін. Пакуль гараджане яшчэ спалі, ён прынёс кветкі да імправізаванага мемарыялу ахвярам пажару, а ўдзень правёў нараду са старшынём вобласці ды прадстаўнікамі ўраду. Аднак на стыхійны мітынг у горадзе кіраўнік Расеі не выйшаў. Пра трагедыю ж выказаўся наступным чынам:

«Мы гаворым пра дэмаграфію і губляем столькі людзей. З-за чаго? Праз нейкую злачынную нядбайнасць, праз разгільдзяйства».

Тым часам акцыі памяці адбываюцца па ўсёй Расеі. Смуткуюць па загінулых і ў Беларусі. У Гомлі адбылася грамадская паніхіда па ахвярах у Кемераве.

«Духавенства нашай епархіі, высокапрыасвясвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі перадае спачуванні ўсім родным і сваякам, і мы спадзяемся, што людзі справяцца з гэтай трагедыяй», – кажа протаіерэй гомельскай епархіі Алег Кастрама.

А ў сталіцы да будынку расейскай амбасады менчукі прыносілі кветкі.

З нагоды трагедыі ў Расеі кіраўнік Беларусі даручыў праверыць бяспеку месцаў масавага збору людзей.

«Жэстачайшым чынам караць, калі толькі вы ўбачыце дзесьці нейкія недапрацоўкі, якія могуць пацягнуць складаныя наступствы для людзей, і недапушчальнай – для дзяцей», – заявіў Лукашэнка.

Напярэдадні Міністэрства надзвычайных сітуацыяў распачало ацэнку стану гандлёвых цэнтраў у краіне.

У Расеі да стыхійна абраных месцаў людзі працягваюць прыносяць кветкі, знічы, плакаты і мяккія цацкі. У Навакузнецку ў неба ўзняліся сотні белых балонікаў. Акцыі памяці загінулых у Кемераве адбываюцца ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Чыце, Хабараўску, Новасібірску.

Юлія Лабанава; фота – Аляксей Дружынін

Глядзі таксама
Каментары