Аб'ектыў 13.02.2019 Пуцін назваў Беларусь стратэгічным партнёрам Расеі


Пакуль Міхаіл Мясніковіч спрабуе пракласці масты на Захадзе – у Польшчы, кіраўнік краіны ўзяўся за самы складаны цяпер кірунак – усходні. Аляксандр Лукашэнка ўжо трэці раз наведвае Расею за апошнія два месяцы. Адно што такія частыя наезды сведчаць зусім не пра шчыльнейшыя стасункі з усходнім суседам.

Сёння ж, аднак, падчас перамоваў з Лукашэнкам, Уладзімір Пуцін назваў Беларусь стратэгічным партнёрам Расеі, а таксама адзначыў развіццё двухбаковых дачыненняў практычна ва ўсіх галінах. Рыторыка не надта згаджаецца з рэчаіснасцю. Гэта відаць нават з рэакцыі медыяў: у Беларусі ледзь не большасць галоўных навінаў прысвечаная двухбаковым перамовам, у той момант як для расейскіх медыяў гэтая тэма – добра, калі трэцяга парадку. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Гэтая працоўная група, якая нібыта была створаная па выніках гэтых пераднавагодніх візітаў Лукашэнкі, так і не запрацавала. Таму што не зразумелы парадак дня, не зразумелая тэма, не зразумела, пра што гаварыць. Расейскі бок прапаноўвае гаварыць пра будаўніцтва саюзнай дзяржавы найперш, і толькі потым – пра кампенсацыю падатковага манеўру. Беларускі бок – наадварот».

Расея прапаноўвае змяніць фармат і змест двухбаковых дачыненняў. Аднак Беларусь ніякія прапановы ніяк не задавальняюць: як больш інтэграцыйныя, гэтак і скіраваныя на аддаленне краінаў адна ад адной. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі

«Нам нельга ні ў якім разе прыпадабняцца расейцам. Яны самі не разумеюць, чаго яны хочуць і што яны робяць на беларуска-расейскай мяжы».

«Вы хочаце мытную, падатковую палітыку ўніфікаваць? Згодзен. Але на лепшых традыцыях і ўмовах. Возьмем лепшае ў беларусаў, калі ў расейцаў лепшае – возьмем у расейцаў».

Такія выказванні выглядаюць як мяккі спосаб адмовіць расейцам у іхных прапановах аб далейшым развіцці двухбаковых дачыненняў. Гэтак, і ў першы дзень перамоваў кіраўнік Беларусі абмежаваўся агульнымі фразамі пра непарушнасць беларуска-расейскага партнёрства. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Тактыка беларускага боку такая – мы гатовыя пачаць перамовы. Але Лукашэнка казаў: а чаму вы думаеце, што гэта мусіць быць расейскі рубель? Другі момант – эмісійны цэнтр павінен быць створаны на раўнапраўных асновах. То бок палова беларускага боку, палова – расейскага. Зразумела, што такія ўмовы Расею не задавальняюць».

Магчыма, Расею задаволяць саступкі іншага – не эканамічнага, ці палітычнага характару. Гэтак, прарасейскія актывісты ў Беларусі ўжо некалькі гадоў прасоўваюць тэзіс аб неабходнасці стварэння гэтак званай адзінай гуманітарнай прасторы – адзінага падыходу ў адукацыі, культурнай ды інфармацыйнай палітыцы. Натуральна, цалкам пракрамлёўскага. Са сціплых паведамленняў вядома, што парадак першага дня візіту датычыў гуманітарных пытанняў. Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, кажа:

«Я ўвогуле не разумею, як можна нешта здаваць сваё ў абмен на штосьці такое, хоць сабе і матэрыяльнае. Сёння ты прадасі, заўтра табе не будзе чаго прадаваць, і ты наагул мусіш сам ісці ў парабкі. Гэта не падыход ні ў сённяшняй палітыцы, ні ў побытавым жыцці. Трэба думаць пра тое, як жыць сваёй працай, сваім розумам».

Магчыма, гэтыя размовы скончацца гэтак жа, як і пераднавагоднія візіты Лукашэнкі ў Маскву – агульнымі заявамі, без канкрэтных дзеянняў. Для ўладаў Беларусі гэта азначае падвешаны стан у фінансавым плане – не найлепшы сцэнар у перадвыбарныя гады, якія сам кіраўнік Беларусі называў «экзаменам для ўладаў».

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Andrei Stesevich / BELTA / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары