Пуцін, ФСБ і анексія Беларусі. Дзе фэйк, а дзе рэальная пагроза?


У шэрагу беларускіх і ўкраінскіх недзяржаўных выданняў сёння з’явіліся артыкулы пад трывожнымі загалоўкамі: Уладзімір Пуцін нібыта хоча ўзяць беларускую мяжу пад кантроль ФСБ, перавёў абарону паветранай прасторы Беларусі пад расейскі кантроль ці ўвогуле распачаў аперацыю захопу нашай краіны. Падставай для паведамленняў стаў пратакол, які расейскі прэзідэнт перадаў у Дзяржаўную Думу.

Пагроза перабольшаная

Днямі ў Дзяржаўную Думу Расеі з ініцыятывы адміністрацыі Пуціна трапіў нібыта рутынны дакумент – пратакол аб унясенні зменаў і дапаўненняў у беларуска-расейскае Пагадненне аб сумеснай ахове вонкавай мяжы «Саюзнай дзяржавы» ў паветранай прасторы. Сёння ж шмат медыяў у Беларусі ды Украіне падхапілі інфармацыйную нагоду ды паспяшаліся заявіць, што цяпер Расея бярэ пад свой кантроль нашую паветраную прастору на мяжы з Украінай, ці ўвогуле пачынае кантраляваць беларускія межы войскамі ФСБ.

Але, калі прачытаць сам Пратакол, ясна, што ён датычыцца двухбаковага Пагаднення, створанага 8 гадоў таму, і падпісанага ў Менску яшчэ летась, у лістападзе. Усе змены, прапісаныя ў дакуменце, датычацца толькі фармулёвак і назваў.

Фармулёўкі змяніліся ў расейскім войску

Напрыклад, у Ваеннай Дактрыне змянілася паняцце «пагражальны перыяд». Цяпер гэта «перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі».

«Перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі – перыяд абвастрэння ваенна-палітычнай абстаноўкі, падчас якога ўзнікла і захоўваецца пагроза агрэсіі супраць аднога з бакоў у рэгіёне з боку якой-кольвек дзяржавы ці групы дзяржаваў», – напісана ў вытрымцы з пратаколу.

Хвалявацца не трэба… ці трэба?

Каб абаронай паветранай прасторы Беларусі і Расеі стаў камандаваць агульны Цэнтр кіравання, Менск і Масква мусяць разам прызнаць, што настаў дзень Ікс і распачаўся «перыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі». А пакуль, пад мірным небам, кожная краіна абараняе сваю паветраную прастору самастойна. Адкуль тады столькі трывогі ў беларусаў і ўкраінцаў?

Бо Расея не толькі анексавала Крым і дасылае танкі і вайскоўцаў на Данбас, але і нарошчвае ўдарныя групоўкі побач з Беларуссю. Адмыслоўцы фіксуюць новыя эшалоны расейскай бронетэхнікі на мяжы з Украінай. А ў верасні расейскія войскі далучацца да вучэнняў «Захад-2017» непасрэдна на нашай зямлі.

Вучэнні ні раз у гісторыі былі спосабам схаваць манеўры войскаў, напрыклад, перад канцэнтраваным ударам. Але таксама спосабам палітычнага ціску на патэнцыйных ворагаў і заклятых саюзнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum