Птушыны грып H5N8 побач з Беларуссю. Як уратавацца?


У суседняй Польшчы – выбух птушынага грыпу. Дзясяткі тысячаў птушак памерлі, яшчэ сотні тысячаў рыхтуюць да ўтылізацыі. Найбліжэйшы ачаг інфекцыі – на Любельшчыне, не так далёка ад Беларусі ды Украіны.

Гміна Стары Усьцімаў пад Люблінам. 30 снежня на адной з птушыных фермаў працаўнікі знайшлі шмат дохлых індыкоў. Думалі, атручанне, узялі матэрыялы на аналізы. Раніцай 31-га пабачылі, што хвароба распаўсюджваецца, мясцовыя ўлады арганізавалі крызісную нараду, а 1 студзеня жыхары Любліншчыны пабачылі санітарныя кардоны.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«На тых трох фермах, дзе пацверджанае заражэнне, частка птушак падохла, а рэшту заб’юць газам, і гэтыя птушкі пойдуць на ўтылізацыю», – тлумачыць Люблінскі ваявода Лех Спраўка.

Сёння дадалася чацвёртая ферма – з перапёлкамі. Агулам на Любліншчыне загінулі 40 тысячаў хатніх птушак, 70 тысячаў ужо рыхтуюць да ўтылізацыі.

«Найперш трэба прыбраць мёртвую жывёлу, подсцілку, усё, што магло мець кантакт з вірусам, у тым ліку кармы і абсталяванне. І гэтыя рэчы нейтралізаваць», – кажа Павэл Пётроўскі, ваяводскі доктар ветэрынарыі ў Любліне.

Ачысткаю займаюцца ветэрынары ды байцы Войска тэрытарыяльнай абароны. Паводле апошніх падлікаў, пад пагрозаю заражэння – 350 тысячаў курэй, індыкоў, гусей ды іншых хатніх птушак з бліжэйшых гаспадарак.

«1 студзеня я акрэсліў дзве зоны: зона заражэння ў радыусе 3 км ад ачага інфекцыі і зона радыусам 10 км, дзе правядуць адпаведныя працэдуры», – кажа Лех Спраўка.

У зону заражэння ўпускаюць толькі мясцовых жыхароў. На ўездах у вёскі – дэзынфекцыйныя маты. Забаронена выпускаць птушак пасвіцца з памяшканняў. Люблінскі ваявода запэўніў, што ў выпадку неабходнай утылізацыі курэй, індыкоў, качак за ўсіх выплацяць кампенсацыю.

«Але вядома кампенсацыя не будзе такая, як грошы, калі ты прадасі гэтую птушку. Таму магчыма, што нейкія людзі будуць спрабаваць прадаць гэтую птушку, будуць думаць, што яна здаровая, прадаць набок, у Беларусь вывезці таксама, бо недалёка мяжа. Так і распаўсюджваецца грып», – мяркуе дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Птушыны грып – звычайная хвароба птушак, як насмарк у людзей. Пераносіцца з пералётнымі відамі, асабліва вадаплаўнымі, на яйках, на корме. Але часам можа з’явіцца смяротны штам, перадусім небяспечны вялікімі стратамі ў жывёлагадоўлі. Яшчэ радзей ён бывае смяротна небяспечны і для людзей.

Апроч Любліншчыны, у Польшчы выпадкі птушынага грыпу са смерцю жывёлы зафіксаваныя непадалёк Познані і Катавіцаў. Ужо вядома, што гэта H5N8, высокапатагенны для птушак. Ад чалавека чалавеку не перадаецца. Ці пагражае чалавечаму жыццю і здароўю канкрэтна гэты штам, цяпер высвятляюць навукоўцы.

«Калі ёсць ужо ў Польшчы грып, можа, ён ужо ў Беларусі. Ці заўтра можа быць тут. Пажадана і самім забяспечыць сябе, пажадана яйкі, мяса хаваць асобна, добра іх варыць у ежу і мыць рукі», – папярэджвае Аляксандр Вінчэўскі.

Каб інфекцыя не перакінулася да нас, ад паслязаўтра Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі забараняе ўвоз з Любліншчыны жывой птушкі, мяса, яек, пер’я ды іншай адпаведнай прадукцыі. Галоўныя захады бяспекі, якія рэкамендуюць спецыялісты: калі вы пабачылі мёртвых птушак, напрыклад, лебедзяў і качак, не дакранайцеся, не падыходзьце, а лепш патэлефануйце ў ветэрынарную службу вашага раёну.

Яраслаў Сцешык belsat.eu