Псіхолаг пра тое, што рабіць, каб трагедыя ў Стоўбцах не паўтарылася


Агучаны прысуд у справе аб двайным забойстве ў стаўбцоўскай школе. 16-гадовага школьніка за забойства настаўніцы і вучня прагаварылі да 13 гадоў калоніі ды 110 тысяч рублёў кампенсацыі для сям’і забітай. Гэта максімальна магчымы тэрмін пакарання.

На абвяшчэнне прысуду пусцілі толькі блізкіх. Суд над 16-гадовым вучнем стаўбцоўскай школы праходзіў у закрытым рэжыме. За забойства настаўніцы ды адзінаццацікласніка Вадзім М. атрымаў максімальны магчымы тэрмін.

«Быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх асобаў з хуліганскіх памкненняў. Таксама быў прызнаны вінаватым у замаху на забойства дзвюх асобаў і асобаў, якія выконвалі грамадскі абавязак, а таксама ў злосным хуліганстве», – кажа Ягор Сітнік, пракурор.

У тое, што падлетак раскаяўся, муж і сын забітай настаўніцы не вераць. Арцём Пархімовіч, сын загінулай настаўніцы:

«Палова стаўбчанаў баялася даваць сведчанні. Чалавек праз 13 гадоў вернецца. Што яму перашкодзіць узяць гэты нож у рукі? Нічога!»

11 лютага 10-класнік Вадзім М. прыйшоў у школу, маючы пры сабе нож, малаток, дымавыя шашкі ды петарды. Ён ударыў нажом настаўніцу гісторыі, параніў дваіх хлопцаў, якія спрабавалі яго спыніць, і зайшоў у суседні клас. Там ён падышоў да Аляксандра Раманава, які сядзеў за апошняю партаю, нанёс яму смяротны ўдар у шыю і выбег са школы. Гэтак карціну трагедыі, што адбылася ў Стоўбцах, апісвае Следчы камітэт.

На пахаванне Аляксандра Раманава і Марыны Пархімовіч прыйшлі сотні людзей. Настаўніцу Вадзім забіў, бо «дастала» – так, паводле маці, свой матыў падлетак тлумачыў следчым. Навошта забіў адзінаццацікласніка, Вадзім так і не расказаў.

Вячаслаў Пархімовіч, муж загінулай настаўніцы:

«Суд прайшоў, адказу няма!»

Ніхто з вучняў і настаўнікаў не падазраваў, што ціхі замкнёны хлопец можа забіць. Але трагедыі можна было пазбегчы – лічаць сваякі забітай. Вячаслаў Пархімовіч, муж загінулай настаўніцы:

«Ён насіў нож цэлы месяц, і бацькі не бачылі гэтага! Давяралі дзіцяці! Ды і нож не малы, а – во!»

Выявіць падлетка, які ўтойвае агрэсію, здольныя школьныя псіхолагі, сцвярджае навуковец Яўген Маліноўскі. Для гэтага ёсць праекцыйныя тэсты. Яўген Маліноўскі, кандыдат псіхалагічных навук:

«Калі падлетак ці юнак на пытанне, каго ён любіць, адказвае «нікога», калі адказвае, што ён ненавідзіць, што яму нічога не падабаецца, калі ёсць негатыўныя матывы адносінаў, то гэта перадумова для злачынства».

Пасля трагедыі ў Стоўбцах Лукашэнка абʼявіў вымову міністру адукацыі, школам загадалі ўсталяваць турнікеты ды выслалі інструкцыю для выяўлення экстрэмістаў. Каб трагедыя не паўтарылася, на думку псіхолага, трэба пайсці іншым шляхам.

«Каб падлетак ці юнак мог вольна выказваць свае думкі, не баючыся, што ён патрапіць пад крытыку настаўніка ці адміністрацыі. […] Даць больш месца асабістасці чалавека, каб ён рабіў вольны выбар!» – гаворыць Яўген Маліноўскі.

Першы званок у школе нумар 2 у Стоўбцах прайшоў без дырэктаркі Аксаны Лось. 20 жніўня яна падпісала заяву аб звальненні на ўласнае жаданне. Настаўнікі ды бацькі лічаць, што на яе націснула начальства.

Аляксандр Папко belsat.eu

Hавiны
Падлетка, які забіў вучня і настаўніцу ў стаўбцоўскай школе, прысудзілі да 13 гадоў калоніі
2019.09.11 16:12