Прызыўнікі мусяць самастойна даказаць сваю небаяздольнасць


Прызыўная кампанія ў разгары. Згодна з Указам Аляксандра Лукашэнкі, вайсковыя камісары абавязаныя накіроўваць у пракуратуру звесткі пра тых, хто ўхіліўся ад службы. Ёсць, канешне, права на адтэрміноўку. Ёсць і катэгорыя асобаў, якім дазваляецца не служыць. Ваенкаматы мусяць правяраць, каб у войска не трапілі прызыўнікі менавіта з гэтай катэгорыі. Але ці выконваецца гэта на практыцы?

Да канца восеньскага прызыву застаецца 22 дня. Ваенкаматы рассылаюць позвы, але традыцыйна не ўсе патэнцыйныя прызыўнікі хочуць ці могуць служыць у войску. Некаторым даказваць сваю небаяздольнасць даводзіцца за свой кошт.

Афіцыйна няма ніякіх звестак аб тым, што ваенкаматы мусяць выканаць нейкі план па набору на вайсковую службу. Але кожны юнак, якому споўнілася 18 год, ведае, што радзіма, а дакладней мясцовы ваенкамат, бліжэйшыя дзевяць гадоў пра яго не забудзецца. Ад казармаў вызваляе хвароба, якую яшчэ трэба даказаць.

«Мне прыйшла позва ў ваенкамат. Мяне там ніхто не абследаваў. Паглядзелі проста і сказалі, што прыдатны. І вось цяпер я вымушаны патраціць час і чвэрць свайго заробку, каб хадзіць па розных дыягнастычных цэнтрах і правяраць свае хваробы. Толькі каб даказаць, што я не прыдатны да службы ў войску», – распавядае прызыўнік Рыгор Ляшкевіч.

Сваякі Рыгора жывуць у аграгарадку Рубель Столінскага раёну. Яны не могуць зразумець: чаму хлопца з кепскім зрокам, язвай страўніка і дванаццаціперснай кішкі прызналі годным для вайсковай службы? Медкамісія не тое, што не спытала пра захворванні, а не верыць медычнай гісторыі прызыўніка.

«Мой сын пайшоў у войска ў 90-х. Пайшоў здаровы, а прыйшоў хворы. Ніхто гэтай мукі не ведае і не бачыў. І не дай Бог, каб не ведаў і не бачыў. Грошай няма ні на хлеб, ні на таблеткі. Я пакутавала, залівалася слязьмі і думала: хай бы я лепш хварэла, а не ён. Цяпер перажываю за ўнука», – распавядае Вольга Ляшкевіч, бабуля Рыгора Ляшкевіча.

Нават будзь медкамісіі дакладнымі і ўважлівымі, у любой сістэме здараюцца памылкі. Законам тое прадугледжана – такога жаўнера трэба камісаваць. Але як гэтага дамагчыся? Гарадзенка Людміла Стуканава, маці такога навабранца, амаль паўгады ходзіць па розных установах.

Усё часцей даводзіцца чуць скаргі аб тым, што з-за агульнай сітуацыі пагаршэння здароўя беларусаў, у войска трапляюць людзі, якіх бы раней туды не ўзялі. Магчыма таму Аляксандр Лукашэнка два тыдні таму падзяліўся ідэяй – адпраўляць у войска студэнтаў падчас летніх вакацыяў. «Скосіш ад войска – потым не ведаю, з кім ты ажэнішся», – патлумачыў вярхоўны галоўнакамандуючы. А што пра гэта думаюць самыя беларусы?

«Я сам служыў у войску і са мной быў саслужывец, у якога быў своеасаблівы выгіб ног з дзяцінства. Сёння асабліва не глядзяць. Дыхаеш, ну і дыхай».

«Ды ў іх хутчэй за ўсё ёсць план па ўсёй кране. Ім няважна, абы план выканаць, і каб паказчыкі былі добрыя – і ўсё».

«Для мяне гэта актуальная тэма. Майго брата забіраюць у войска. Прыдатны, ды яшчэ як прыдатны. Сказалі толькі зубы падлячыць і ўсё».

Пра выкананне плану Лукашэнку распавядзе Саўмін да 20 студзеня. Да гэтага часу Ляшкевіч ды іншыя прызыўнікі, што апынуліся ў гэткай сітуацыі, мусяць давесці сваё права не служыць у войску. Але ці паспеюць, ды ці іх паслухаюць?

Любоў Лунёва, belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / FORUM