Прызыўнік без селязёнкі ледзьве не памёр у Печах


Ірына Дзядюшка – маці салдата з пасёлку Энергетыкаў Дзяржынскага раёну Менскай вобласці. Ейны сын Кірыл Руткевіч 7 гадоў таму на школьнай фізкультуры ўпаў з брусаў. З разрывам селязёнкі ды ўнутраным крывацёкам трапіў у больніцу. Школьніка выратавалі, правёўшы спленэктамію – то бок разрэзалі жывот, цалкам выдалілі селязёнку і прышылі назад непашкоджаны фрагмент. Усё гэта ёсць у медкарце, пацверджанае даведкамі. Сёлета на медкамісіі ў Дзяржынскай цэнтральнай раённай больніцы адмысловец УЗІ, не гледзячы ў карту, напісала, што селязёнка ёсць.

Заключэнне стала падставаю для вердыкту – прызыўнік годны

«Для ўдакладнення дыягназу даабследвацца па месцы жыхарства. Фібраскопія, біяпсія, біяхімічны аналіз крыві плюс калонаскопія. Вось гэта далі зрабіць ваенкамату. І паўторны агляд – яго мусілі пакласці на шпіталізацыю. Наш ваенкамат не зрабіў нічога», – скардзіцца Ірына Дзядзюшка.

У ваенкамаце не звярнулі ўвагі ні на хваробы суставаў прызыўніка, ні на спаечную хваробу ў жываце. Кірыл Руткевіч пайшоў у войска, адслужыў тыдзень, і ад армейскіх харчоў і нагрузак з моцнымі болямі трапіў у шпіталь.

Цяпер Кірыл у Галоўным вайсковым медычным клінічным цэнтры

«Усе дактары кажуць – здаровы-здаровы-здаровы… Знайшлі маю селязёнку, кажуць, адрасла. Давядзецца служыць», – распавёў па тэлефоне хлопец.

У сусветнай медыцыне селязёнку называюць важным органам, адказным за імунітэт і фільтрацыю крыві. Селязёнка патрэбная для ўтварэння ліфмацытаў. Але і ў Дзяржынскім ваенкамаце і ў 432-ым вайсковым шпіталі Кірылу сказалі: калі трэба, зможаш служыць і так. Маці жаўнера збіраецца падаваць у суд на кіраўніцу прызыўной камісіі.

«Канешне, я пайду ў суд, буду патрабаваць, каб яе пазбавілі права працаваць у медкамісіі. Бо хіба з іншымі яна праводзіць такую ж медкамісію», – абураецца спадарыня Ірына.

Нягодныя становяцца годнымі па ўсёй краіне

У апошні час сваякі жаўнераў усё часцей звяртаюцца з падобнымі справамі да праваабаронцаў, адзначае кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву».

«Грамадзяне скардзяцца, бо калі раней прызыўнікі былі нягодныя, то цяпер становяцца годнымі да службы. У мяне толькі адна думка, што не хапае моладзі ў войску. Таму, мяркую, будзе ўзмацняцца такая практыка», – зазначыў Алег Волчак.

Смерць Коржыча змяніла ўяўленне пра войска

Армейская тэма – адна з самых балючых для беларускага грамадства пасля смерці жаўнера Аляксандра Коржыча ў вайсковай часткі ў Печах, вядомай з дзедаўшчыны. Спачатку Міністэрства абароны спрабавала «замяць справу», называючы смерць Коржыча звычайным самагубствам.

Але пасля расследаванняў незалежных медыяў і грамадскага рэзанансу адкрыліся факты здзекаў і рэкету з боку сяржантаў і афіцэраў. У Печах прайшла пераатэстацыя, змянілася кіраўніцтва. Следчы камітэт распачаў паўтара дзясяткі крымінальных справаў, некаторыя паўторна. А бацькі жаўнераў, памерлых ці скалечаных у войску, сталі часцей звяртацца да недзяржаўных журналістаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum