«Прыязджаюць з Узбекістану гандляваць – ім можна, а нам беларусам – куды? У Расею?»


Канфлікт паміж «сваймі» і «чужымі» прадпрымальнікамі разгарэўся на гарадскім рынку ў Чачэрску Гомельскай вобласці.

Святлана, прадпрымальніца з Рэчыцы: «Прыязджаюць з Узбекістану гандляваць – ім можна, а нам беларусам – куды? У Расею ехаць гандляваць? Атрымліваецца так!»

Кіраўніцтва рынку абмежавала да двух разоў на месяц (у першую і трэцюю суботы) права на гандаль для іншагародніх прадпрымальнікаў. Абмеркаваць спрэчнае пытанне адміністрацыя пагадзілася сёння, аднак да групы прадпрымальнікаў ніхто не выйшаў.

Таццяна, прадпрымальніца з Бабруйску: «Мы пісалі ў райвыканкам і ў Гомельскі аблвыканкам. Усё ідзе па коле, вяртаецца сюды, дзе нам адказваюць, што ўсё зроблена на законных падставах і мы не маем права прыязджаць».

Агароджаная бетонным плотам тэрыторыя рынку належыць арганізацыі «Чачэрскае». Тут размяшчаюцца шаснаццаць гандлёвых павільёнаў. Побач – засыпаная друзам тэрыторыя, дзе гандлююць іншагароднія. Прадпрыемства даводзіць, што гандаль тут – гэта кірмаш, а таму адбывацца можа толькі два разы на месяц. Пакупнікі – рашуча супраць.

Пакупнікі з Чачэрску:

«Няхай людзі прыязджаюць. Яны плоцяць падаткі і чэсна працуюць. Аніякіх праблемаў з імі няма».

«У Гомельскіх лепей, вопратка хоць троху больш прасунутая, сучасная».

«Гумовыя рукавіцы для працы тут рубель каштуюць, а там ідзіце набудзьце – 2,50 руб. Свярдло… тут можна набыць за капейкі, а на павароце – рубель за міліметровае свярдло».

«Тут выбар большы. А там кошты вышэйшыя, а выбар меншы».

Спажыўцы пакінулі 150 подпісаў пад чарговым зваротам да кіраўніцтва гандлёвай пляцоўкі. Свае прэтэнзіі туды кіруюць і мясцовыя ІПэшнікі, якія ў кошт тавараў закладаюць выдаткі на арэнду і таму не вытрымліваюць канкурэнцыі.

Генадзь, прадпрымальнік з Чачэрску: «З іх у папярэднія гады бралі як за 1 арэнднае месца, хоць яны займалі 5-8 метраў. Несупамерная сума з тою, якую гэтыя прадпрымальнікі плоцяць. Далей – калі гэта выязны гандаль, мусяць быць касавыя апараты і адрыўныя талоны».

У абарону сваёй пазіцыі мясцовыя гандляры паказваюць незанятыя месцы пад ралетамі, куды не просіцца аніводзін канкурэнт з вобласці. Умяшання чыноўнікаў прасіў і гэты бок.

Генадзь, прадпрымальнік з Чачэрску: «Яны адказы даюць незразумелыя. Прадпрымальнікі не раз збіраліся, задавалі ім пытанні, аднак уразумляльнага адказу не атрымалі».

А хацелася б – і адказы мець «па сутнасці» і зарабляць на роўных умовах.

Юлія Цяльпук, «Белсат»