Гісторык пра помнік Касцюшку ў Беларусі: «Прыязджайце і пакланяйцеся»


Сёння ня толькі беларусы, а і ўвесь свет адзначае 272 гады з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. Першы ў Беларусі помнік славутаму сыну нашай зямлі Тадэвушу Касцюшку ўжо неўзабаве паўстане на ягонай радзіме – у вёсцы Мерачоўшчына на Берасцейшчыне. Сёння, у дзень народзінаў легендарнага генерала, помнік нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і Злучаных штатаў прывезлі з Украіны.

Намеснік старшыні Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі Алесь Сапега прывёз помнік з Украіны акурат у дзень, калі нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў.

«Я лічу што само правоз помніка праз мяжу гэта сімвалічнае вяртанне Касцюшкі ў Беларусь, вяртанне нашай памяці, вяртанне нашых нацыянальных герояў, вяртанне нашага гонару», – кажа журналіст, грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка.

Ідэя паставіць помнік Касцюшку ў месцы, дзе ён нарадзіўся, узнікла падчас абмеркавання скульптуры ў швейцарскім Золётурне, дзе памёр знаны палкаводзец. Там урачыстае адкрыццё адбылося падчас ушанавання двухсотгоддзя з дня яго смерці летась у кастрычніку. І гэта быў першы помнік Касцюшку, фундаваны беларусамі.

«Усе мы ведаем, што атрымаўся канфлікт паміж Польшчай і беларусамі, калі паўстала пытанне пра шыльду, якая павінна быць на гэтым помніку, гэта і паўплывала на думкі беларусаў, каб сабрацца грашыма і зрабіць другі помнік Касцюшку ды паставіць у Беларусі», – распавядае Алесь Сапега з Беларускага Абʼяднання ў Швейцарыі.

Помнік паводле эскізу скульптара Гэніка Лойкі адлівалі ў Харкаве. А зафіксаваў гэты працэс адмыслова для «Белсату» наш украінскі глядач Аляксандр Кузьменка. Ён жа паразмаўляў са скульптарам Уладзімірам Райчэнка, які стварыў швейцарскі помнік і дапамагаў адліваць беларускі.

Тадэвуш Касцюшка называў сябе ліцвінам, а ў сучасным разуменні – беларусам. Ён змагаўся за незалежнасць Злучаных Штатаў і кіраваў на нашых землях нацыянальна-вызваленчым паўстаннем за захаванне Рэчы Паспалітай, якую акупавалі ды дзялілі паміж сабою Прусія і Расея. Расейскай арміяй, якая душыла паўстанне, кіраваў Аляксандр Сувораў. Але памяці Суворава прысвечана значна больш абʼектаў у Беларусі – гэта ня толькі вуліцы, але і музеі, і вайсковыя вучэльні, і нават праваслаўныя саборы.

Нават тыя гісторыкі, што не прызнаюць Тадэвуша Касцюшку беларусам, мяркуюць, што помнік яму ўсё ж трэба ўсталяваць – для прыцягнення замежных турыстаў.

«Калі палякі яго ўшаноўваюць, калі амерыканцы ўшаноўваюць – калі ласка, прыязджайце, пакланяйцеся», – кажа Анатоль Сідарэвіч.

Большасць беларусаў лічыць Касцюшку сваім героем. Гэта бачна і з таго, што грошай, сабраных праз краўдфандынгавую платформу, хапіла на скульптурную выяву большага памеру, чым планавалася спачатку. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя працы, і неўзабаве першы помнік Касцюшку ў Беларусі паўстане ў Марачоўшчыне.

ІД, «Белсат»