Прышчэпкі ад грыпу плануюць зрабіць 40 % грамадзянаў


Хутка халады, таму прышчэпкі ад грыпу – тэма зусім актуальная. Каму ў першую чаргу неабходныя прышчэпкі, наколькі эфектыўная завезеная ў Беларусь вакцына і колькі яна будзе каштаваць?

У Беларусі распачынаецца кампанія вакцынацыі супраць грыпу. Плануецца, што ў бліжэйшыя месяцы прышчэпкамі ад трох найбольш распаўсюджаных штамаў вірусаў грыпу ахопяць каля 40 % насельніцтва.

Бясплатна прышчэпку зробяць сталым людзям і людзям з хранічнымі хваробамі. Імунітэт пасля прышчэпкі развіваецца цягам 2–3 тыдняў.

«Ёсць расейская прышчэпка. Можаце прышчапляцца. Тэрапеўт, гледзячы на амбулаторную карту, усё будзе вырашаць. Калі за грошы, то каштуе 7,53. Пакуль замежных прышчэпак няма. Чатырохвалентных не будзе», – тлумачыць у 23-й паліклініцы Менску.

Надзея Гацак – жыхарка Менску і маці траіх дзяцей. Жанчына кажа, што ў ейнай сям’і прышчэпкі ад грыпу робяць штогод і гэта дапамагае абмінуць сезонную хваробу:

«Мы робім прышчэпкі нашым дзецям ужо на працягу трох год, і мы вельмі задаволеныя, таму што за гэтыя тры гады яны ні разу не хварэлі на грып менавіта…»

Сужэнцы Філіпавы, наадварот, адмовіліся ад прышчэпак супраць грыпу.

«Узімку 2015 года я захварэла на грып. Я мяркую, гэта быў грып. Таму што тэмпература трымалася некалькі дзён 38,5. Я лячылася. Мне выпісалі бальнічны. Мне стала крыўдна: як гэта так? Я кожны год раблю гэтыя прышчэпкі і раптам хварэю на тое, ад чаго раблю прышчэпкі», – распавядае Ніна Філіпава, пенсіянерка.

«Пасля таго, як я зрабіў прышчэпку, у мяне быў моцны насмарк, які я ледзь вылечыў. І з тае пары я сказаў сабе: усё, больш не буду гэтым займацца», – дадае Яўген Філіпаў, пенсіянер.

А ці прышчапляецеся ад грыпу вы? З гэткім пытаннем мы звярнуліся да жыхароў Менску:

«У мяне імунітэт вельмі моцны сам па сабе. Усе грыпы прайшла спакойна».

«Сабе не раблю, але цяпер са з’яўленннем дзіцёнка яму планую рабіць».

«Перыядычна. Не кожны раз, але раблю. І, мяркую, трэба і сёлета зрабіць».

«Калі трэба рабіць прышчэпку, у гэты час я прастываю. А гэта ж супрацьпаказанне для прышчэпкі. Так выходзіць».

«У гэтым годзе я буду рабіць прышчэпку. Бо ў мінулых гадах хварэў на грып».

Тым не менш, медыкі раяць не адмаўляцца ад антыгрыпознай вакцынацыі, бо калі яна зробленая правільна, то будзе толькі на карысць.

«Стоадсоткавай гарантыі на тое, што не захварэеш, ніхто не можа даць, бо ўсе прышчэпкі, якія робяць на кожны год, розныя, бо вірус грыпу вельмі зменлівы…» – гаворыць доктар-педыятр Наталля Бурбіцкая.

Медык таксама адзначыла важную ролю прышчэпкі для перадухілення ўскладненняў пасля грыпу.

Такім чынам, вакцынацыя зніжае агульную рызыку захварэць на грып як для прышчэпленага чалавека, так і для яго атачэння. Вакцынацыя таксама застаецца найбольш эфектыўнаю прафілактыкаю цяжкіх ускладненняў ад хваробы.

Арцём Лява belsat.eu