Прыродныя катаклізмы апошніх дзён – вынік глабальных змяненняў клімату


Паводле даследнікаў з Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэту, самая маштабная за апошнія 100 гадоў паводка, якая ўсцяж віруе ў гэтым расейскім рэгіёне, сталася вынікам глабальных змяненняў клімату. Стыхія ўжо забрала жыцці прынамсі 18 чалавек. Тым часам прыродныя катаклізмы разгуляліся гэтымі днямі літаральна па ўсім свеце. Закранулі ў тым ліку і Беларусь.

51 мясцовасць пацярпела ў выніку віхуры, якая напярэдадні праляцела па-над усёй Беларуссю за выняткам Віцебшчыны. Вецер з парывамі да 29 метраў за секунду зрываў дахі, ламаў дрэвы, абрываў правады. Электразабеспячэнне перарывалася ў 1216 паселішчах. Паводле Міністэрства надзвычайных сітуацыяў краіны, пацярпелых няма.

Гэтак, у Гомлі напярэдадні ўвечары ўраган абрынуўся на раён заводу «Гомсельмаш». Паводле відавочцаў, непагадзь віравала ўсяго 5 хвілінаў, аднак паспела паваліць з тузін старых таполяў, ад чаго пацярпелі прынамсі 4 аўты.

«Вялікая, страшная бура была! Я на дзявятым паверсе каля вакна стаяў, дык там думаў, што адарве раму! Гляджу, а там, каля нас, у дзявятым доме, дрэва адно павалілася, другое зачапіла… А сёння выйшаў, а там ужо чатыры дрэвы ляжаць. Страшная справа!»

«Шыбы пабіла. І пагнутасці вялікія. Гэта было нешта, што нельга перадаць!» – распавядаюць жыхары Гомля.

Акрамя залевы і граду ў шэрагу рэгіёнаў, як, да прыкладу, на Магілёўшчыне, назіраліся і пясчаныя буры. У выніку – зноўку ж зламаныя дрэвы, пабітыя аўты і… вырваная ветрам аконная рама на гаўбцы.

«Было адчыненае крыху вакно – яно хіба што ветрам… Цалкам рама выскачыла! Я зірнула: толькі аскепкі – і ўсё!»

«Быў моцны вецер з боку плошчы. Дрэва было крыху надламанае па вертыкалі. Тры ствалы было – ну, адзін і рухнуў на суседнюю вуліцу. Дакладней, праз усю вуліцу на суседні дом».

«Ранкам вельмі рана прыехалі працаўнікі домаўпраўлення і ўсё прыбралі. Працу правялі вельмі добрую!»

«Страшна было. Дзьмула – сам ішоў 45 градусаў наперад, ледзьве ногі сунуў!» – кажуць жыхары Магілёва.

Найбольш жа ад стыхіі акрамя Гомельшчыны пацярпела Берасцейшчына. Гэтак, у горадзе Янава, што на поўдні вобласці, ветрам літаральна адарвала руку помніку беларускаму мастаку і кампазітару Напалеону Орду, а адзін з білбордаў скамячыла, нібы аркуш паперы.

Тым часам пакуль у Беларусі прырода дала пэўную перадышку спякоце, за заходняю мяжой анамальны сквар працягваецца. Гэтак, нямецкія сіноптыкі папярэджваюць пра больш як 40-градусныя тэмпературы. А ў ваколіцах іспанскай сталіцы пажарнікі змагаюцца з наймацнейшымі за апошнія 20 гадоў пажарамі, справакаванымі зноўку ж анамальнаю спёкаю. А вось Мумбай паўтарыў лёс расейскай Іркуцкай вобласці. Мусонныя дажджы ды паводка літаральна спаралізавалі фінансавую сталіцу Індыі, спыніўшы чыгуначны, аўтамабільны і паветраны рух.

Валера Руселік, belsat.eu