«Прыпынак Адамовіча». На радзіме пісьменніка Алеся Адамовіча мае з'явіцца ягоны бюст


Алесь Адамовіч адным з першых падняў тэму сапраўднага маштабу чарнобыльскае катастрофы. Менавіта яго лічыць сваім настаўнікам Святлана Алексіевіч. Але моладзь мала ведае пра яго, бо ў школьнай праграме твораў Адамовіча няма зусім.

«Яны не ведаюць сапраўдную нашу гісторыю, да іх не данеслі гэта. Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч – гэта тыя пісьменнікі, творчасць якіх трэба ведаць абавязкова, праз іх да нас ідзе сапраўдная гісторыя», – распавядае Алена, настаўніца.

Бабруйская суполка БАЖу ды ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча» зладзілі вечарыну да 25-цігоддзя з дня смерці Алеся Адамовіча. Актывісты фактычна ўзялі на сябе функцыі дзяржавы, якая не рупіцца пра ўшанаванне памяці аднаго з найбольш вядомых у свеце беларускіх пісьменнікаў.

«Мы актывісты, журналісты спрабуем прыцягнуць увагу людзей да творчасці, да спадчыны Алеся Адамовіча, якая сапраўды важная і актуальная. Вельмі шмат якія творы дагэтуль актуальныя для Беларусі, і мы мусім памятаць», – кажа Марына Малчанава, старшыня Бабруйскай суполкі БАЖ.

За чвэрць стагоддзя з дня смерці пісьменніка ў Беларусі не з’явілася ніводнага помніку, няма і музею Алеся Адамовіча. Гэтую сітуацыю спрабуюць выправіць удзельнікі ініцыятывы «Прыпынак Адамовіча». У кастрычніку мастак Аляксандр Благій размаляваў аўтобусны прыпынак у паселішчы Глуша, на радзіме пісьменніка. Цяпер ідзе падрыхтоўчая праца, каб у Глушы ўсталяваць ягоны бюст.

«Астатнія дакументы гатовыя, трэба зрабіць калаж, каб атрымаць рашэнне райвыканкаму і мастацкай рады, якая будзе збірацца ў Магілёве. Тады пачнецца праца над стварэннем бюста і яго ўстаноўкаю», – кажа Андрэй Архіпенка, ініцыятыва «Прыпынак Адамовіча».

Творчаю спадчынай Алеся Адамовіча апякуецца ягоная дачка Наталля, яна ладзіць выставы, выдае кнігі.

«Астатнія кніжкі – проста дапамагаю, дапаўняю новымі запіснымі нататкамі, фотаздымкамі. Я стараюся апрацоўваць архіў, каб можна было потым карыстацца музеям, ці вось даследчыкі прыязджаюць звяртаюцца, і школьнікі», – адзначае Наталля Адамовіч, дачка Алеся Адамовіча.

Наталля шчыльна супрацоўнічае з камандаю «Прыпынку Адамовіча». І, найхутчэй, менавіта дзякуючы намаганням гэтых людзей паўстануць і бюст, і музей Алеся Адамовіча, гэтаксама, як паўстаў прыпынак пісьменніка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»