Прыпяць у арэнду – ужо з панядзелка


Заўтра ў Мазыры адбудзецца аўкцыён для здачы на год у арэнду 91-га кіламетра ракі. За арэнду Прыпяці мясцовыя ўлады разлічваюць атрымаць мінімум 1000 еўраў. За такія мізэрныя для бюджэту грошы шкоду атрымаюць тысячы палешукоў.

Пачатак рыбалоўнага сезону ў Мазыры адзначылі флэш-мобам супраць планаў мясцовых уладаў здаць амаль сотню кіламетраў Прыпяці ў арэнду. Разам з ракою плануецца аддаць і 302 гектары пойменных тэрыторыяў. Арандатар Прыпяці атрымае магчымасць наладзіць прамысловую лоўлю рыбы.

Была рака ў арэндзе да 2014 года – вельмі дрэнны там быў паказнік, нават улады гэтага не адмаўляюць, – кажа адміністратар суполкі «Супраць арэнды Прыпяці» Гена Самусік. – Тое што прыйдзе новы гаспадар і нешта зробіць – людзі не вераць.

У 2014-м праз прамысловую лоўлю на Прыпяці ў гандаль трапіла толькі 900 кг рыбы. Мясцовых жыхароў абурае, што новую пастанову аб арэндзе ракі ў Мазырскім райвыканкаме прынялі без грамадскага абмеркавання. Таксама тут апасаюцца, што кошты на дазвол пасядзець з вудаю будуць непадёмныя. У Прыпяцкім запаведніку адзін дзень рыбалкі з берагу каштуе Br 40.

Увогуле ніхто сюды не будзе хадзіць, калі будзе прамысловая лоўля, з вудаю тут няма чаго рабіць, а зараз тут – прыйшоў, закінуў, адпачываеш, – кажа мясцовы жыхар Арсеній.

Пад петыцыяй супраць здачы часткі ракі ў арэнду свае подпісы паставілі больш за 5 тысячаў чалавек, зварот перадалі ў Мазырскі райвыканкам. Але мясцовыя ўлады ў сваю чаргу абяцаюць толькі зніжкі за права аматарскай рыбнай лоўлі.

Паводле папярэдніх звестак, на ўдзел у аўкцыёне пакуль падалі ўсяго адну заяўку, ад Мазырскага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Арганізацыя, якая, паводле звестак рыбакоў, сама мае даўгі і пазыкі.

Аркадзь Несцярэнка; на вокладцы: кулік-цякун на беразе Прыпяці, фота – Васіль Федосенка/Reuters