Прыпад'езднае бездарожжа


Дарогі ў Магілёве ўпарадкаваныя. Але, варта павярнуць за рог і зазірнуць у двары, каб пабачыць ямы і бязладдзе. Жыхары вуліцаў Крынічнай і Пралетарскай шмат гадоў просяць улады заняцца добраўпарадкаваннем, але ў адказ чуюць толькі абяцанкі.

«Вось дарогу калі першы раз паклалі, асфальт, а пасля гэтага асфальту не было ніколі. Вось разумееце, і пісала і патрабавала»…

Ужо каля 30-ці гадоў мінула з таго часу, як людзі засяліліся ў дамы на вуліцах Крынічнай і Пралетарскай. На жаль, дарога засталася з тых жа часоў. Жыхары распавядаюць, што іхную дваровую тэрыторыю ўжо даўно ніхто не даглядае.

«Нам распавядалі пра тое які ў нас будзе добры раён. Так, зрабілі, не спрачаюся, Першамайская добрая. Дарогі, дарожкі для раварыстаў, для сляпых, ледзь не для глухіх. Балота наша прывялі ў парадак, паставілі там трэнажоры. Добрае месца для адпачынку зрабілі. А мы што? Мы Богам забытае месца. Пра нас забыліся», – кажа Вольга Зарычнюк, мясцовая жыхарка.

Жыхары неаднаразова звярталіся да ўладаў з просьбаю ўладкаваць прылеглую да дамоў тэрыторыю. У адным з адкАзаў гарвыканкам паабяцаў зрабіць дарогу ў трэцім квартале 2019-га года. Але рамонту ўсцяж няма.

«Ужо заканчваецца 1-шы квартал 20-га года і таму няма ніякай зрухі. Тое што яны памянялі, 3 пліткі або 10 плітак паклалі ну гэта ж не пытанне. Таму што калі паглядзець на гэтыя пліткі, нават вось пад снегам усё, можна спатыкнуцца ў любы час і паламаць усё што заўгодна».

«Вось я тут ішла і вось у гэтым месцы, вось на гэтых ламаных плітах, у мяне ногі хворыя, я ўпала. Гэта добра, што я нічога не зламала, гэта шчасце. Далей ідзе тое самае».

«Я ваджу дзіця на вазку. Вось, яны ўсё вось, проста разбітыя, гэта звычайныя дзіркі. Проста дзірка, дзірка, дзірка і гэта ўсюды. І далей і вось так вось з гэтым вазком, з гэтым дзіцем едзеш. Тут немагчыма праехаць, у мяне выламала заднія колы ў новым вазку ».

Грошы на спрыяльнае асяроддзе ў дзяржавы ёсць, кажа праваабаронца Уладзімір Краўчанка. Пра гэта можна меркаваць паводле рахункаў за жыллёва-камунальныя паслугі.

«Яны сыходзяць на цэнтральны рахунак гарвыканкаму і выкарыстоўваюцца не па прызначэнні. То бок гэта не мэтавае выкарыстанне жылля. Тыя жыхары дамоў якія абʼяднаўшыся патрабуюць вярнуць гэтыя грошы, тыя перамагаюць», – лічыць Уладзімір Краўчанка, праваабаронца.

Пакуль жа жыхарам трэба быць максімальна пільнымі. Бо пры выхадзе з падʼезду кожны неасцярожны крок можа прывесці ў шпіталь.

Дарʼя Чульцова, Міхаіл Аршынскі, «Белсат»