Аб'ектыў 25.11.2017 Прыніжаныя, збітыя і бездапаможныя. Кожную трэцюю беларуску б’е муж


Гвалт замяняе жыццё ахвяраў у пекла. І сёння – Міжнародны дзень барацьбы за яго ліквідацыю. Адмысловыя імпрэзы адбываюцца па ўсім свеце. Таксама і ў Беларусі. А праблема маштабная. І датычыць кожнай трэцяй жанчыны на планеце. Яшчэ горш у нашай краіне. І тады як трэба крычаць, праблема ахінаецца маўчаннем. Датычыць жа ґвалт ня толькі жанчын. Але і мужчынаў. Ды, на жаль, і дзяцей.

77 % беларусак хоць раз у жыцці сутыкаліся з праявамі гвалту. Насілле ж на сексуальнай глебе адчула на сабе кожная шостая дзяўчына ў нашай краіне. Яшчэ горшая сітуацыя – пасля шлюбу: КОЖНАЯ ТРЭЦЯЯ жанчына цярпіць на фізічны гвалт у сямʼі. Гэта вынікае з адмысловага даследавання ААН па Беларусі.

Аднак толькі траціна з пацярпелых жанчын звяртаецца па якую-колечы дапамогу. І гэта сурʼёзная праблема, мяркуюць арганізатары выставачнага праекту #открытажить, скіраванага на прыцягненне ўвагі беларускага грамадства да праблемы хатняга ґвалту. Выстава ў прасторы «Корпус» на Машэрава ў Менску ёсць часткаю праекту, што рэалізуецца адмысловым фондам ААН супольна з беларускім МУС пры фінансавым падтрыманні Вялікай Брытаніі ды Швецыі. Ён скіраваны на змаганне з хатнім ґвалтам.

«Для нас вельмі важна было ў партнёрстве з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва рэалізаваць гэты праект і паказаць гледачам і глядачкам, як насамрэч нялёгка вырашыць праблему хатняга гвалту, як цяжка зрабіць першы званок, сабраць свае рэчы, выехаць у прытулак і пачаць змяняць сваё жыццё», – кажа Вольга Гарбунова з крызіснага цэнтру «Радзіслава».

Пытанне абароны ад хатняга ґвалту ў Беларусі, як і ў шэрагу іншых краінаў свету, дасюль не развязанае. Не дапамагаюць ані сацыяльныя рэкламы, ані больш рашучыя захады дзяржавы – рэспубліканскія акцыі кшталту «Дом (бяз) ґвалту» і прыцягненне да крымінальнай адказнасці з змяшчэннем у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, наўпроставым каталізатарам побытавай злачыннасці застаецца пʼянства. Але старшыня крызіснага цэнтру для пацярпелых жанчын і дзяцей Вольга Гарбунова бачыць праблему ня толькі ў гэтым. І сярод іншага прапануе дзяржаве праводзіць расследаванні хатняга ґвалту нават без заяваў пацярпелых.

«Часта звяртаюцца жанчыны з так званых вонкава паспяховых семʼяў, якім страшна выклікаць міліцыю, якія баяцца пільнай увагі з боку ўстановаў адукацыі – бо ёсць васемнаццаты дэкрэт. І гэта такая сітуацыя, калі сямʼя становіцца на ўлік. І тады мала таго, што жанчына пацярпела ад гвалту, зʼяўляецца рызыка таго, што дзіця могуць забраць у прытулак тэрмінам на паўгады», – распавядае Гарбунова.

Аднак, паводле адмыслоўцаў, ґвалт – праблема ня толькі дзяцей ці жанчын. Як паказала даследаванне, праведзенае некалькі гадоў таму ў БДУ, амаль кожны пяты беларускі мужчына сутыкаўся з фізічным ґвалтам з боку жанчын. А таму і ключ да развязання праблемы, магчыма, варта шукаць ня толькі паводле палавой прыметы асобы.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары