Прыхільнікі Віктара Бабарыкі заклікаюць запісвацца ў назіральнікі


100 тысяч назіральнікаў збіраюцца выставіць на выбары па ўсей краіне прыхільнікі Віктара Бабарыкі з ініцыятывы «Сумленныя людзі». Кампанія атрымала назву «Усё па часнаку» і заклікае беларусаў запісвацца ў назіральнікі, каб гэткім чынам адстойваць сваё права на выбар.

Кампанія «Всё по чесноку» ад ініцыятывы «Честные люди» збіраецца скіраваць 100 тысяч назіральнікаў на ўсе 5767 выбарчых участкаў краіны. Усё, што трэба, – запоўніць гугллформу на старонцы ініцыятывы. Назіральнікам можа стаць любы ахвотны, галоўнае – назбіраць 10 подпісаў за сваю кандыдатуру.

«Будзе арганізавана навучанне назіральнікаў, любы можа атрымаць інструкцыю, і на старонцы ўсё вельмі дакладна распісана. Вельмі важна разумець, што цяпер будучыня – у руках кожнага чалавека. Калі вы гатовы прыняць адказнасць і стаць назіральнікам, далучыць сяброў, знаёмых і ўсім расказваць, як не дапусціць фальсіфікацыяў, то ў іх не будзе шанцаў не дапусціць нас назіральнікамі», – кажа Марыя Калеснікава, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі.

Раней больш за дзве тысячы сябраў ініцыятывы «Честные люди» падалі заявы на ўлучэнне ва ўчастковыя камісіі. Але лічыць галасы прапусцілі толькі 12 асобаў. Таксама штаб Бабарыкі атрымаў адказ на скаргу аб праверцы амаль двухсот тысяч непрынятых подпісаў. ЦВК зазначыла, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае механізмаў абскарджання. Штаб з адказам не згодны і скіраваў скаргу ў суд Маскоўскага раёну Менску.

У Магілёўскай вобласці чальцы камісіяў ЦВК не ведалі, што каардынатар ініцыятыўнай групы ўваходзіць у ініцыятыўную групу. І з гэтай нагоды не залічвалі подпісаў за прэтэндэнта Валера Цапкалу ў Ленінскім і Акцябрскім раёне Магілёва. Тое ж адбылося ў Бабруйску і Горацкім раёне. Паводле Аляксея Кірыенкі, які ўжо склаў скаргу на неправамоцныя дзеянні, забракаваных з гэтай прычыны подпісаў можа быць ад 500 да некалькіх тысячаў.

«Думаю, гэта кепскае ўзаемадзеянне з ЦВК з цэнтрам, з Менскам. ЦВК перадаваў спісы ініцыятыўных групаў, і я думаю, проста не ўключылі туды каардынатараў».Не ведаю, які маштаб гэтай памылкі. Пакуль выяўлена толькі ў Бабруйскім раёне. Але мы на апярэджанне падалі заяву ў Магілёве, і я, і іншы каардынатар – на выпадак, калі такое было ў нас», – зазначае Аляксей Кірыенка, каардынатар ініцыятыўнай групы.

А ў сталіцы подпіс сябры ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэя Слабка, які займаўся зборам подпісаў і асабіста ўнёс подпіс за сябе, прызнаны сфальсіфікаваным! У ЦВК патлумачылі, што аўтограф – сапраўдны, а вось дату, маўляў, паставіў іншы чалавек.

«Мы ўдзячныя ўсім паплечнікам, і ініцыятыўнай групе, і актывістам штабу за тое, што яны актыўна ўключыліся ў падтрыманне сваіх подпісаў. Вы ведаеце, што праз старонку Цапкала.by больш за 70 тысяч подпісаў ужо пацверджаныя. Мы таксама знайшлі ўзаемаразуменне ў ЦВК і вельмі разлічваем на разумнае стаўленне. Спадзяемся, што мы ўсё ж зможам прайсці ў другі этап кампаніі і зарэгістраваць кандыдата». – кажа Аляксей Урбан, кіраўнік прэс-службы прэтэндэнта Валерыя Цапкалы.

Таксама штаб Цапкалы пракаментаваў відэа, якое нядаўна з’явілася на адным з тэлеграм-каналаў і на якім падобны да Валерыя Цапкалы мужчына мае сексуальныя зносіны з дзвюма жанчынамі. Паводле Аляксея Урбана, надзвычай кепская якасць роліку сама адказвае на ўсе пытанні. Гэтае відэа, хутчэй за ўсё, з’явілася ў працяг канфлікту Цапкалы з бізнесоўцам Сэдатам Ігдэджы, прынамсі апошні пагражаў апублікаваць падобны кампрамат. Прэтэндэнт на прэзідэнцтва Валерый Цапкала звярнуўся ў пракуратуру з нагоды хлуслівага сведчання Сэдата Ігдэджы.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu