Прыхільнік інтэграцыі: «Не Расея паглыне Беларусь, а Беларусь прырастае новымі тэрыторыямі»


На Кастрычніцкай плошчы Менску – чарговая акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць падпісання інтэграцыі з Расеяй. Апрача звычайных удзельнікаў на плошчы заўважаныя і людзі ў штацкім.

За ўдзел у папярэдняй акцыі, якая адбылася два тыдні таму, тры актывісты адбываюць арышт у ізалятары. Да таго ж некалькі дзясяткаў чалавек выклікалі ў міліцыю для складання пратаколаў ці для прафілактычных гутарак. Тым не менш, людзі працягваюць прыходзіць на акцыі абароны незалежнасці.

«Я не жыла пры Саюзе і я не хачу, каб два чалавекі, якіх ніхто не абіраў, зрабілі так, каб гэты Саюз зноў адбыўся», – кажа ўдзельніца акцыі.

«Я асабіста не хачу ваяваць за іх інтарэсы, чужыя, я не хачу, каб мае дзеці ваявалі, я хачу нармальна жыць. Яны багацейшая краіна, а жывуць, як у хляву», – кажа ўдзельнік акцыі.

«Я лічу, што Пуцін – гэта сапраўдны тэрарыст, і я не жадаю, каб маёй краінай кіраваў такі чалавек» – кажа ўдзельнік акцыі.

Акцыі ў абарону незалежнасці звязаныя з планамі афіцыйных Менску і Масквы падпісаць праграму

дзеянняў дзеля паглыбленай інтэграцыі. Пратэсты ў снежні адбываліся ў дні сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна. Арганізатары нагадваюць, што паводле Канстытуцыі грамадзяне маюць права на мірныя сходы, хоць улады і называюць акцыі незаконнымі.

«Спачатку гэтага года сённяшняя ўлада прыняла такія змены ў заканадаўства, яно стала такое драконаўскае, што ніякіх вулічных акцый у Беларусі проста немагчыма праводзіць», – кажа палітык Вячаслаў Сіўчык. На сённяшняй акцыі прысутнічалі і прыхільнікі саюзу з Расеяй.

«Я лічу, што наадварот, гэта адкрые для Беларусі новыя магчымасці, яна прырасце новымі тэрыторыямі, не Расея паглыне Беларусь, а Беларусь прырастае новымі тэрыторыямі, новымі магчымасцямі», – кажа Васіль, прыхільнік саюзу з Расеяй.

У адрозненне ад мінулых акцыяў супраць паглыбленай інтэграцыі сённяшняя адбылася без шэсця па горадзе. Агулам сход працягваўся больш за дзве гадзіны ды прайшоў без затрыманняў і інцыдэнтаў.

Наста Кахановіч, «Белсат»