Прыгоды беларусаў у КХЛ


Пакуль менскае «Дынама» мае некалькі дзён перапынку, сочым за іншымі падзеямі ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Тут першым сёння згуляны матч ва Уладзівастоку.

Клуб з беларускім галоўным трэнерам Аляксандрам Андрыеўскім «Адмірал» пасля трох перамогаў запар, адна з якіх была гасцявою па булітах, пацярпеў хатнюю паразу ад «Авангарду» з Омскай вобласці 0:1, прапусціўшы шайбу бліжэй да заканчэння другога перыяду. «Ястрабы» замацаваліся на першым месцы Усходняй Канферэнцыі, на шэсць пунктаў ідучы наперадзе магнітагорскага «Металурга». Але ў «сталявараў» яшчэ дзве гульні ў запасе.

У Хабараўску «Амур» нанёс паразу казахстанскаму «Барысу» 3:2. А новакузнецкі «Металург» саступіў ўдома клубу «Югра» з Ханты-Мансійску 2:3. Усе гэтыя чатыры дружыны па-за межамі васьмёркі наймацнейшых Усходняй канферэнцыі. Менскае «Дынама», нагадаем, пакрысе запаўзло ў зону плэй-оф Захаду, ды «зубрам» заўтра прымаць лідара сезону – маскоўскі ЦСКА.