Аб'ектыў 02.11.2019 Продкі, ахвяры сталінскага тэрору, незаслужана забытыя – каго беларусы ўзгадалі на Дзяды


Сёння адзначаюць Дзяды. Дзень, калі, паводле народных павер’яў, душы продкаў спускаюцца з нябёсаў, каб сустрэцца з жывымі. У сваю чаргу жывыя згадваюць памерлых і дбаюць пра месцы іх пахавання.

Прыбраць у хаце, прывесці ў парадак магілы продкаў, а ўвечары сабрацца на вячэру з куццёй і згадаць тых, каго няма з намі. Так адсвяткаваць Дзяды наказвае народная традыцыя. Шматлікія жыхары Менску таксама прыйшлі сёння на могілкі.

«Гэта святы абавязак – наведаць могілкі ў гэты дзень. Аддаць належнае сваім продкам».

«Пакланіцца памяці тых людзей, пра якіх трэба памятаць, якія заўсёды побач у думках».

«Я буду абавязкова казаць сваім дзецям пра тое, што неабходна прыходзіць на месца пахавання сваіх продкаў і шанаваць гэтую памяць».

«Гэта нашае жыццё, гэта нашая гісторыя. Калі мы не будзем памятаць пра нашых продкаў, то і пра нас не будуць памятаць», – кажуць жыхары Менску

У сучаснай Беларусі Дзяды – дзень, калі памінаюць не толькі памерлых сваякоў, але і загінулых у гады камуністычнага тэрору. Свята памінання продкаў адзначаецца ўсяго праз некалькі дзён пасля 30 кастрычніка – дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

На Кабыляцкай гары – месцы сталінскіх расстрэлаў пад Воршаю – сабраліся сёння некалькі дзясяткаў чалавек.

«Тут ёсць і сваякі расстраляных у Воршы, ёсць проста неабыякавыя людзі, ёсць людзі, якія прыехалі з іншых рэгіёнаў», – тлумачыць гісторык Ігар Казмярчак,

«Ходзім, прыбіраем. Трэба так. Іначай, калі мы забудземся, то толькі лінія Сталіна застанецца, а больш нічога!» – кажа ўнучка расстралянага Ларыса Арэшына.

Прыбіралі месцы масавых расстрэлаў і зачытвалі імёны ахвяраў таксама ў Віцебску і Гомлі. Песню на словы расстралянай у 1938 годзе гомельскай паэткі Валянціны Казлоўскай прэзентаваў публіцы фолк-музыка Ягор Паляшук. «Не дай ім зноўку закасаць рукавы» – так называлася музычная вечарына, удзельнікі якой ушанавалі знішчаных сталіністамі паэтаў і святароў.

«Мы вельмі мала ведаем пра тое, што рабілася ў тыя цяжкія 20-я, 30-я, 40-я, 50-я гады. Мы мала ведаем імёнаў, той слой культуры, які працаваў на тое, каб нашая беларуская культура і традыцыя жыла», – перакананы музыка і кампазітар Ягор Паляшук.

У горадзе над Сожам узгадалі не толькі загінулых у гады тэрору. Самыя старыя гарадскія могілкі – Навабеліцкія – прыбіралі сябры праваслаўнай абшчыны святой Сафіі ды валанцёры краязнаўчай арганізацыі «Талака».

«Не толькі магілы сваіх родных трэба даглядаць, а ўвогуле людзей, якія будавалі наш горад, якія падымалі з каленяў нашых бабуль і дзядуляў», – распавядае валанцёрка Марыя.

«Тут ляжаць выбітныя жыхары нашага гораду, якія жылі 100, 120, 130 гадоў таму. Сваякоў іх ужо ў Гомлі не засталося. Іх магілы занядбаныя. А паколькі гэта гісторыя нашага гораду, то мы лічым неабходным зрабіць свой унёсак у яе захаванне», – перакананы краязнаўца і гісторык Яўген Малікаў.

Галоўная пагроза для захавання памяці – марадзёры, звяртае ўвагу Яўген Малікаў. Злодзеі зразаюць старыя каваныя крыжы ды агароджы і прадаюць іх на металалом. Паводле краязнаўцы, са шматлікіх магілаў таблічкі з імёнамі былі скрадзеныя, і вярнуць памяць пра месца апошняга спачыну заслужаных гомельцаў ужо немагчыма.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары