Продажы растуць, а грошай усё менш. Што адбываецца з дзяржпрадпрыемствамі?


Продажы нарасцілі на траціну, заробкі паднялі на 13 %, але, па выніках году, папрасілі ў бюджэту чарговыя $ 200 млн. Гэтак спрацаваў сёлета Менскі аўтамабільны завод.

Як паказвае афіцыйная статыстыка, такія выпадкі не адзінкавыя

Хоць стратных прадпрыемстваў сёлета стала на 7 % менш, чым летась, сума згубленых імі грошай павялічылася ў 2017-га на 17 % – $ 1 млрд.

Працягваюць нарастаць неплацяжы

Пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, то бок, грошай, не выплачаных своечасова за пастаўлены тавар, пабольшала сёлета на 10 %. Кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долмэн, які наведваў сёлета Беларусь, канстатаваў: праблема – у неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемствах, якія, нягледзячы на павялічаны замежны попыт, няздольныя гандляваць з прыбыткам.

Улады паступова пазбаўляюцца баласту

За апошнія 10 гадоў доля дзяржаўнага сектару ў эканоміцы зменшылася з 70 % да 50 %. Але гэтае адміранне адбываецца вельмі павольна. На больш кардынальныя рэформы дзяржсектару, прапанаваныя Міжнародным валютным фондам, урад сёлета не пагадзіўся нават узамен на прапанову стабілізацыйнага крэдыту.

Праблемаў большае не толькі ў прамысловасці

Колькасць будаўнічых арганізацыяў сёлета зменшылася на 10 %. А звольнілі ў Беларусі ў 2017-м на 40 тысячаў чалавек больш, чым узялі на працу.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum