Аб'ектыў 06.08.2019 Прэзідэнцкія выбары 2020. Хто збіраецца ў прэзідэнты?


Не зважаючы на засцярогі палітолагаў, датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не адбудуцца. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі прапанавала для галасавання апошні прадугледжаны заканадаўствам тэрмін – 30 жніўня 2020 года.

Пра намер вылучыць сваю кандыдатуру агучыў цэлы шэраг палітыкаў. Сярод іх і галоўны канкурэнт Лукашэнкі ў выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч. Яго вылучыла рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Мікалай Статкевіч, старшыня «Народнай Грамады»:

«Яны вылучаюць мяне як лідара барацьбы за сапраўдныя выбары і лідара барацьбы за незалежнасць, я ўжо займаюся гэтай праблемай і правёў папярэднія сустрэчы ў 15 гарадах».

Для Мікалая Статкевіча будучыя выбары – прэзідэнцкія і парламенцкія – перадусім магчымасць скарыстацца правам свабоднай сустрэчы з людзьмі на вуліцах гарадоў, што падчас агітацыі не патрабуе падачы заявак і аплаты паслугаў міліцыі.

Намер пайсці на выбары агучыла і старшыня Таварыства беларускае мовы Алена Анісім. Ёй палітолагі прагназуюць вялікія шанцы на рэгістрацыю кандыдаткаю, бо яна ўжо мае дэпутацкі мандат.

Алена Анісім, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«У мяне ёсць шанцы скансалідаваць значную частку грамадства, якая лічыць, што Беларусь мае быць еўрапейскаю краінаю з дастаткова высокім узроўнем развіцця. І адносна спакойнай абстаноўкаю».

Выкарыстаць напоўніцу парламенцкія выбары для раскруткі свайго кандыдата ў прэзідэнцкіх выбарах пастанавіла і Ліберальная дэмакратычная партыя. Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заявіў Алег Гайдукевіч – сын лідара партыі Сяргея Гайдукевіча.

Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні ЛДПБ:

«У нас ёсць добрая эканамічная праграма, мы робім стаўку на развіццё прыватнага бізнесу, мы правая правацэнтрысцкая партыя. Мы ўпэўненыя, што Беларусь мусіць даць больш магчымасцяў людзям зарабляць у прыватнай сферы. Мы ведаем, што дзяржава не зможа забяспечыць усіх працоўнымі месцамі, гэта нармальна, гэта ўва ўсім свеце так адбываецца. Таму трэба стварыць больш умоваў, асабліва на месцах».

Пра свой намер вылучацца дасюль заяўлялі і старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, Мікалай Казлоў – выканальнік абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Для падтрымання ў выбарах прадстаўніка ад апазіцыі партыям неабходна прытрымлівацца ўжо вядомай стратэгіі – аб’ядноўвацца і вылучаць адзінага кандыдата, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. Аднак кожны па-ранейшаму працуе на свой палітычны імідж:

«Паколькі выбараў у Беларусі няма, паколькі вынік прэзідэнцкіх выбараў загадзя ўсім вядомы, то ўсе кандыдаты ў хадзе выбарчай кампаніі вырашаюць свае прыватныя інтарэсы, некаторыя яшчэ, магчыма, свае партыйныя інтарэсы, як, напрыклад, той жа Янукевіч».

Ці здолеюць асобныя вылучэнцы самастойна сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў?

«Ну вось так я не магу сказаць. Але я гэтым займуся, вывучу і аддам».

«За Анісім бы я аддаў. Бо яна з усіх найбольш ураўнаважаная. Астатнія, як бы так сказаць, яны нібыта за Беларусь, але ў іх вельмі шмат радыкалізму».

«Статкевіч, мне здаецца, такі цяжкі правёў шлях, што ён неяк заслугоўвае даверу».

«Я ведаю супраць каго, а за каго – ужо не так важна», – кажуць жыхары Менску.

Праціўнікі Лукашэнкі традыцыйна не набіраюць больш за 5 адсоткаў галасоў выбарнікаў. Апошнім разам апазіцыя здолела змабілізаваць сваіх прыхільнікаў на масавы пратэст супраць прызнання афіцыйных вынікаў выбараў у 2010 годзе. З таго часу буйных палітычных пратэстаў у Беларусі не было.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары