Аб'ектыў 20.05.2019 Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі будзе спыняць вайну на Данбасе


Комік і бізнесовец Уладзімір Зяленскі афіцыйна стаў прэзідэнтам Украіны. У Кіеве прайшла цырымонія інаўгурацыі, новаабраны лідар склаў прысягу і выступіў з прамоваю, якую ўжо называюць феерычнай. Ён запатрабаваў ад дэпутатаў прыняць шэраг законаў, правесці шэраг звальненняў. Пры гэтым Зяленскі аб’явіў пра роспуск парламенту і датэрміновыя парламенцкія выбары.

Вярхоўная Рада Украіны: мільён позіркаў з самай раніцы скіраваныя сюды. Некаторыя ехалі здалёк, каб паглядзець жыўцом на новаабранага прэзідэнта.

«А чацвёртай раніцы ўстаў, дабіраўся з трыма перасадкамі. Хоць мне ўжо 80, хачу падтрымаць маладога, прыгожага, энергічнага прэзідэнта. Каб ён прыбраў з Украіны ўвесь бруд», – кажа Мікола Кірыленка, Барышаўскі раён.

«Мы ад яго просім толькі аднаго. «Мір – гэта нашая песня» – гэта словы нашага крыварожскага гімну», – гаворыць Цімафей Марушка, святар, Крывы Рог.

«Я веру не столькі ў Зяленскага, колькі ў сваю дзяржаву, Украіну. А Зяленскі мусіць рабіць тое ж, што іншыя ў сваіх краінах робяць: у Ізраілі, У Нямеччыне, у Амерыцы. Ён мусіць вучыцца і рабіць гэта для нашай дзяржавы», – дадае жыхарка Казятына, Вінніцкая вобласць.

Чым бліжэй да будынку – тым больш набліжаных да самога Зяленскага: тут былі комікі, стэндаперы, вядоўцы гумарыстычных шоу, выканаўцы роляў палітыкаў у серыяле «Слуга народу». Сябры Зяленскага абнадзейвалі: пакінуўшы індустрыю смеху, новаабраны лідар і жарцікі адкладзе ўбок.

«Сілаў у яго вельмі шмат, ведаючы, над якою колькасцю праектаў ён можа працаваць адначасова, сілаў у яго дастаткова», – распавядае Ігар Ластачкін, актор, вядоўца.

Пазітыўны настрой атачэння новага прэзідэнта назіральнікі ўспрымалі з асцярожнасцю. Сяргей Шчарбіна, галоўны рэдактар, РБК-Украіна:

«Найбольшая інтрыга – ці распусціць Зяленскі Вярхоўную Раду. Пакуль гэта невядома».

На падыходзе да Рады Зяленскага прывіталі з энтузіязмам. Унутры новы прэзідэнт зачытаў прысягу і сваю першую прамову, у якой заклікаў дэпутатаў прыняць закон пра скасаванне дэпутацкай недатыкальнасці, выбарчы кодэкс, закон пра незаконнае ўзбагачэнне, звольніць кіраўніка СБУ, генеральнага пракурора, міністра абароны. Але сваім абавязкам нумар адзін прэзідэнт назваў спыненне вайны на Данбасе.

«І Крым, і Данбас – гэта ўкраінская зямля. Дзе мы страцілі не толькі тэрыторыю, а і найважнейшае – людзей. І сёння мы проста абавязаныя вяртаць іхную свядомасць», – Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны.

Падчас інаўгурацыі Зяленскі запэўніў, што дзеля міру гатовы страчваць папулярнасць, але не гатовы страчваць тэрыторыі. Некалькі разоў пераходзячы з украінскай на расейскую, ён параіў палітыкам перастаць дзяліць Украіну і папрасіў чыноўнікаў не трымаць сваіх партрэтаў у кабінетах. А таксама – распусціў Вярхоўную Раду.

«Я распускаю Вярхоўную Раду 8-га склікання».

У Радзе перакананыя, што рашэнне Зяленскага супярэчыць Канстытуцыі. Адначасова дэпутаты кажуць, што яно не стала нечаканасцю. Вікторы Сюмар, партыя «Народны Фронт»:

«Украіна, на шчасце, свабодная дэмакратычная дзяржава. І гэта заслуга гэтай Вярхоўнай Рады. У 2014-ым, паверце, тут было не так спакойна. Не было аніякай аховы, стаялі хлопцы з палкамі. І вакуум улады быў шалёны. Уладзімір Зяленскі атрымаў краіну ў значна лепшым стане».

Рэфарматарка і аўтарка не заўжды папулярных рашэнняў у сістэме аховы здароўя Ульяна Супрун, якая ачольвае міністэрства аховы здароўя, спадзяецца, што пры Зяленскім будзе магчымасць працаваць над распачатымі зменамі:

«Мы не прыйшлі па фатэль. Мы ў міністэрства прыйшлі рабіць змены. Кожны, хто займае фатэль, мусіць толькі пытаць, як я магу дапамагчы, каб працягваць рэформу, колькі грошай можам даць, каб пабольшыць фінансаванне, якога катастрафічна не стае медыцыне».

Грамада ж, якая прыйшла прывітаць новага прэзідэнта, задаволеная і прамоваю Зяленскага, і ягонымі першымі рашэннямі.

«Вось сапраўдная дэмакратыя. Хай Расея глядзіць на гэта, сараматнікі. Вось чалавек выступіў, прэзідэнт, з нестандартнаю прамовай, сказаў, што хацеў, што думае 90 % нашага народу», – каментуе жыхар Кіева Аляксандр.

Як і прэзідэнт з народу Галабародзька, ролю якога выканаў Зяленскі, новаабраны лідар у Адміністрацыю прэзідэнта вырушыў пешкі. Перакрытымі вуліцамі, у суправаджэнні аховы.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары