Прэстыжная гімназія ў Віцебску – небяспечнае месца для школьнікаў


Прэстыжная навучальная ўстанова прываблівае віцебскія сем’і. Гімназія № 8 лічыцца адной з лепшых у вобласці. Дзяцей туды аддаюць з ахвотаю. Але ідучы ў гімназію ці выходзячы з яе, навучэнцы кожны раз рызыкуюць: прылеглая тэрыторыя, дарога не абазначаныя належным чынам, адсутнічаюць пешаходныя пераходы.

Стаянка, што не адпавядае колькасці аўтамабіляў, не адрамантаваныя ходнікі, што змушаюць дзяцей выходзіць на праезджую частку дарогі. А па іроніі лёсу самыя бацькі, што прыязджаюць за дзецьмі на машынах, ствараюць для іх найбольшую небяспеку.

«Я тут вельмі рэдка езджу, але дзеці ў нас такія, могуць перабегчы дарогу перад машынай», – кажа мясцовая жыхарка.

Ніхто, акрамя нас

Супрацоўнікі ДАІ праводзілі на пачатку навучальнага года прафілактычную размову з гімназістамі, але без прыдатнай паркоўкі, пераходаў і ходнікаў рызыка ДТЗ застаецца па ранейшаму досыць высокая. Таму найбольш ініцыятыўныя бацькі вырашылі не перакладаць адказнасці за здароўе дзяцей выключна на навучальную ўстанову.

«Мы сабралі подпісы і будзем накіроўваць іх у ДАІ. Будзем накіроўваць іх у Гарвыканкам і будзем накіроўваць іх у ЖРЭТ. Каб пакласці ляжачых паліцэйскіх, каб пазначыць пешаходны пераход для дзяцей, і наагул пазначыць, што тут школа», – кажа мясцовая актывістка і бабуля гімназісткі Ірына Яскевіч.

Прадухіліць імаверную трагедыю, пазбегнуць здарэнняў, што нясуць пагрозу здароўю дзяцей, цалкам магчыма пры супрацы грамадства з уладамі. Бацькі агучылі праблему. Будзем чакаць і сачыць як адрэагуе раённая адміністрацыя.

Андрусь Такінданг, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum