Празноз ІПМ: Рост ВУП менш за 1 адсотак


Нязначны рост валавога ўнутранага прадукту і аслабленне беларускага рубля. Паводле прагнозу, сярэдні курс долара сёлета складзе 2 рублі 31 капейкі. Еўра – два сорак дзевяць. Тэмпы росту заробкаў таксама запавольваюцца. А вялікія тэмпы росту ў мінулым былі звязаныя з дэфіцытам працаўнікоў.

«І рэгіёны канкуруюць з Менскам, і буйныя гарады канкуруюць з малымі. Таму, атрымліваецца, працадаўцы мусілі проста падвышаць заробкі, а цяпер сітуацыя больш-менш збалансаваная. Заробак будзе імкнуцца да тых тэмпаў, у якіх расце прадукцыйнасць, а прадукцыйнасць, на жаль, расце павольна», – тлумачыць кіраўнік даследніцкага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык.

Павольны рост эканомікі напачатку году канстатуюць і ў Нацбанку:

«Нафта паступіла ў меншай колькасці ці, дапусцім, у вас ёсць цёплая зіма, а цёплая зіма таксама ёсць, і гэта таксама можа паўплываць на ВУП. Зразумела, што ў студзені не будуць тыя ж лічбы, што планаваліся раней. Казаць пра канкрэтныя лічбы, на жаль, я не магу», – кажа Андрэй Кацегаў з Нацбанку.

Інфляцыю эканамісты даследніцкага цэнтру ІПМ прагназуюць на ўзроўні пяці і трох дзясятых адсотка. Нацбанк пры гэтым больш аптымістычны.

«Цягам 2020 года інфляцыя будзе ў межах мэтавага арыенціру – 5 %. Вонкавыя фактары будуць аказваць па-ранейшаму такі ўплыў, які стрымлівае, на рост коштаў у Беларусі на імпартаваныя тавары», – сказаў кіраўнік Праўлення Нацбанку Павел Калаўр некалькі дзён таму.

Паводле Нацбанку, з боку ўнутранай эканомікі таксама не чакаецца інфляцыйнага ціску. Таму фінансавы рэгулятар зніжае на наступным тыдні стаўку рэфінансавання да 8,75. Інфляцыя летась склала 4,7 адсотка. А ў студзені, паводле Белстату, нават меней за 1 адсотак. А ці адчуваюць павелічэнне коштаў менчукі?

Жыхары Менску:

«Цэны павялічыліся моцна, стала цяжэй пакупаць усё, асабліва для маці ў дэкрэтным адпачынку».

«Адно райспажыўтаварыства змянілася на другое, і хлеб адразу падаражэў на 60 капеек»

«Хутчэй за ўсё так і ёсць, 5–10 % яно так паводле коштаў і атрымліваецца».

«Тое, што нам кажуць, інфляцыя 4,7 % – гэта самападман медыяў, якія нам пра гэта пішуць. Я проста разважаю паводле таго, што я набываю ў краме. Харчаванне – гэта ўсе выдаткі чалавека, 80 %».

Пры гэтым эканамісты адзначаюць: найбольш адчулі змены коштаў людзі з невялікім даходам.

«Структура спажывання розная: бедныя спажываюць тыя тавары, цэны на якія раслі нашмат хутчэй, чым цэны на тыя тавары, якія спажывалі адносна багатыя групы насельніцтва», – тлумачыць эканаміст даследніцкага цэнтру ІПМ Глеб Шымановіч.

Прэзентацыя макраэканамічнага прагнозу адбылася дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Наста Кахановіч, «Белсат»