Праз запазычанасці перад ФСАН беларусам не будзе з чаго плаціць пенсіі


Стратныя прадпрыемствы – не адзіная праблема нашай эканомікі. Расце і запазычанасць аб’ектаў гаспадарання перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Такіх даўжнікоў налічвалі ўжо каля трохсот. Ці азначае гэта, што ў хуткім часе беларусам не будзе з чаго плаціць пенсію?

Глыбоччына, Віцебская вобласць. Сёння тут працуе больш за сотню самых розных прадпрыемстваў і арганізацыяў. Тут робяць вядомую, бадай, на ўвесь свет глыбоцкую згушчонку, працуе найбуйнейшы ў краіне камбікормавы завод. Вось толькі пахваліцца рэгіёну эканамічнымі поспехамі цяжкавата: Глыбоцкі раён – адзін з лідараў у запазычанасцях перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

Кастусь Шыталь, блогер:

«У сельскай гаспадарцы ўлады намагаюцца, каб выконваліся паказнікі: збіраліся ўраджаі, выконваліся надоі, і было мяса. Але пры гэтым не думаюць пра людзей – важнейшая вытворчасць, а не людзі. І таму не плацяцца гэтыя ўнёскі ў ФСАН».

Акрамя таго, што на Глыбоччыне налічваецца трынаццаць гэткіх прадпрыемстваў, што нямала для раёну з насельніцтвам 38 тысячаў чалавек, рэгіён яшчэ і выйшаў у лідары ў агульнай суме запазычанасці перад фондам. На 1-га ліпеня яна склала больш за тры з паловаю мільёны рублёў.

Марыя Тупека, галоўны эканаміст УП «Канстанцінаў двор»:

«Больш запазычанасцяў не за бягучыя выплаты, а запазычанасць яшчэ 90-х гадоў, калі паводле ўказу гэткія плацяжы былі адкладзеныя, а калі прыйшоў тэрмін іх сплачваць, іх не плацілі. У выніку набягае сума штрафаў і пеняў».

Унітарнае прадпрыемства «Канстанцінаў двор», якое прэзентуе Марыя Тупека, завінавацілася фонду больш за 470 тысячаў рублёў. Аднак гэта не значыць, што плацяжы ў фонд не робяцца, бо пакуль ён іх не атрымае, прадпрыемства проста не зможа выплаціць заробкаў.

Марыя Тупека, галоўны эканаміст УП «Канстанцінаў двор»:

«Вядома, людзі спадзяюцца, што пенсію яны зарабляюць. І пакуль – пакуль яшчэ – усе, хто выходзіць на пенсію, у каго падыходзіць тэрмін выхаду на пенсію, то адносна гэтых людзей кропкава запазычанасць закрываецца».

І хоць суб’екты гаспадарання намагаюцца сплачваць мінулыя даўгі, справа рухаецца павольна, бо ў прадпрыемстваў і так шмат іншых пазыкаў – напрыклад, у банкаў. Запазычанасці ж перад Фондам не лічацца першачарговымі.

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

«Проста ў прадпрыемстваў няма грошай. Не тое каб яны не хацелі адлічваць, у іх проста няма грошай. А гэта вельмі сурʼёзная памылка ў эканоміцы. Яны пастаянна крэдытуюцца дзяржавай, а гэта не спрацоўвае. І ў выніку мы бачым тое, што бачым сёння».

А бачым мы наступнае: найбольш нашых суайчыннікаў, якія рызыкуюць застацца без пенсіі, жывуць акурат на Віцебшчыне – тут ажно 117 прадпрыемстваў застаюцца даўжнікамі перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Адмыслоўцы мяркуюць, што адной з прычынаў гэткай сітуацыі сталі прыродныя ўмовы для вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці ў гэтым рэгіёне, які традыцыйна лічыцца аграрным. На поўначы Беларусі гэткія ўмовы, вядома, не найлепшыя – у той час як попыт на прадукцыю паўсюль аднолькавы.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: Dmitry Morgulis / TASS / FORUM