Праз што страціў сваю пасаду міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко?


Пакуль Ганна Гуськова здабывала першы залаты медаль для Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Пхёнгчхангу, уся спартовая грамада абмяркоўвала ўчорашнюю адстаўку міністра спорту і турызму Аляксандра Шамка. Што стала прычынай такога рэзкага павароту?

У Міністэрстве спорту, хутка з’явіцца новы начальнік. Папярэдняга кіраўніка – Аляксандра Шамка – яшчэ ўчора адправілі ў адстаўку і адкамандзіравалі ў Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

Пасля таго, як Лукашэнка адправіў у адстаўку з пасады міністра спорта Аляксандра Шамка, шмат хто падумаў, што кіраўнік краіны не задаволены вынікамі беларускіх спартоўцаў. Інфармацыя пра адстаўку з’явілася практычна адразу ж пасля завяршэння жаночай індывідуальнай гонкі ў біятлоне на Алімпійскіх гульнях, дзе беларускі засталіся без медалёў. Маўляў, Шамко трапіў пад гарачую руку абуранага Лукашэнкі. Аднак хутка пачалі высвятляцца абставіны адстаўкі.

«Думаю, для вас няма нічога новага ад Лукашэнкі: з першых прэзідэнцкіх выбараў я дакладна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць не можа», – заявіў Лукашэнка.

Следам з’явілася інфармацыя пра затрыманне дырэктара Менскага палацу спорту Сяргея Прановіча, якое адбылося яшчэ 5-га лютага і, верагодна, паслужыла адной з прычынаў адстаўкі Шамка. Прановіч браў хабар за тое, што даваў памяшканні палацу пад разнастайныя імпрэзы.

«Дырэктар палацу спорту столькі год атрымліваў хабар, і вы хочаце сказаць, што міністр спорту пра гэта не ведаў? Усё ён ведаў. Гэтая схема створаная па вертыкалі. Усё роўна нейкая частка грошай ідзе вышэй і вышэй», – упэўнены праваабаронца Алег Волчак.

Магчыма, сваю ролю адыграла і тое, што апошні час беларускі футбол перажыў цэлы шэраг карупцыйных скандалаў, якія скончыліся гучнымі крымінальнымі справамі.

«Наколькі я ведаю па сваіх кліентах, дагаварныя матчы, завышэнне зарплаты футбалістам, хакеістам – без розніцы. На экіпіроўцы ідуць адкаты – ты замаўляеш у канкрэтнай фірме і, натуральна, атрымліваеш… Пакуль 90% у дзяржаўнай маёмасці – хабар не спыніць», – мяркуе Алег Волчак.

У той жа момант, не толькі карупцыйны складнік паўплываў на заканчэнне кар’еры Аляксандра Шамка ў якасці міністра спорту.

«Вы бачыце, што ў нас спорт фактычна на спад ідзе. У нас вялікіх поспехаў няма. Зараз на алімпіядзе адзінае – фрыстайл. Але фрыстайл трымаецца на адным чалавеку – Мікалаі Казека, які ўмее падвесці зборную цудоўна. А ва ўсім астатнім… Ну што вы можаце ўзгадаць? Ну, гандбалістаў. Зноў жа – за кошт адной школы СКА», – распавядае Сяргей Южык з «Прессбола».

Можа быць, праблема ў прафесіяналізме? Бо апошнім міністрам, які сам займаўся спортам на прафесійным узроўні, быў Яўген Ворсін, які пакінуў пасаду ў 2003 годзе. Пасля гэтага Міністэрствам спорту і турызму кіравалі дзяржслужбоўцы з разнастайных сфераў. Да таго ж, традыцыйна кіраўніцтва спартовых федэрацыяў у Беларусі часта паходзіць з сілавых структураў.

«Патрэбен чалавек у спорце, які будзе заўжды ў спорце, а не час ад часу. Патрэбен чалавек, які не толькі сам разбіраецца ў спорце, але і хоча займацца гэтым. Каб яму давяралі спартоўцы і кіраўнікі спартовых федэрацый. Тады будзе нейкі толк», – мяркуе Сяргей Южык.

На меркаванне экспертаў, наступным міністрам спорту можа стаць Максім Рыжанкоў, які ўжо мае досвед працы ў спорце, аднак прафесійна спортам ніколі не займаўся. У любым выпадку, перад новым міністрам паўстануць вельмі сур’ёзныя задачы як мінімум у арганізацыйным плане – у наступным годзе Беларусь прымае Еўрапейскія гульні, а ў 2021-м – чэмпіянат свету па хакеі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

© PhotoXpress/ZUMAPRESS.com