Праз лясы да свабоды


Гісторыя, як з дэтэктыўнага фільму, але, на жаль, гэта нашая беларуская рэальнасць. Былы следчы Андрэй Астаповіч апынуўся ў Варшаве пасля некалькіх тыдняў уцёкаў ад расейскіх і беларускіх спецслужбаў. Пасля таго, як спадар Андрэй у сярэдзіне жніўня не вытрываў ды скінуў пагоны, ён уцёк у Расею, дзе ў Пскове мужчыну затрымала расейская ФСБ і дэпартавала ў Беларусь. Пасля гэтага след былога следчага прапаў, і толькі цяпер ён з’явіўся ў Варшаве.

«Гісторыя мая перарвалася, калі я перастаў выходзіць на сувязь з моманту затрымання. Ні адвакатаў, ні сяброў, нікога да мяне не пускалі і падсоўвалі розныя пратаколы, каб хоць неяк законна абгрунтаваць маё затрыманне. Я іх не падпісваў, бо адзін з іх быў пра тое, што я нібыта мацюкаўся ў грамадскім месцы, хаця мяне забралі з гатэлю з майго нумару. А другая гісторыя была пра тое, што я незаконна перайшоў мяжу», – распавядае Андрэй Астаповіч.

Пасля такіх экстрэмальных выпрабаванняў палітычны ўцякач апынуўся ў Варшаве – без грошай, стомлены, галодны, паранены.

«Спадар Андрэй, калі апынуўся ў Польшчы, выйшаў на Цэнтр беларускай салідарнасці, звязаўся, прыйшоў сюды. Перш за ўсё, мы былі ўражаныя станам, у якім ён аказаўся. І тая гісторыя, якую ён распавёў і якую на сёння нельга цалкам агучыць з прычынаў бяспекі, вельмі ўразіла. Ён адразу трапіў пад апеку працаўнікоў цэнтру», – распавядае сябра аргкамітэту ЦБС Улад Кобец.

Цяпер у Варшаве Андрэй мае часовае жытло і спрабуе развязаць справы легалізацыі. Фонд салідарнасці BYSOL выплаціць яму грашовую дапамогу.

«Гэта фонд салідарнасці з тымі, хто быў звольнены са службы ці сам сышоў са службы, у тым ліку са Следчага камітэту, з міліцыі, з арміі. Мы дапамагаем тым, што выплачваем грашовую падтрымку памерам тры сярэднія беларускія заробкі, гэта паўтары тысячы еўраў. І Андрэй атрымае гэтыя грошы, каб яму было на што жыць першы час тут, у Польшчы», – тлумачыць Алесь Лапко з Фонду салідарнасці BYSOL.

Ці Андрэй шкадуе пра свой рашучы крок?

«Гэта цяпер тут складана адаптавацца, зразумець, што да чаго, але я думаю, што праз год-два, калі адаптуюся, я дакладна шкадаваць не буду, а буду задаволены, што так усё склалася. Я не ў турме, не ў лесе дзесьці валяюся, я здолеў выбрацца», – кажа Андрэй Астаповіч.

Польскі омбудсман ужо ведае справу былога следчага ды абяцае дапамогу, перадусім з дакументамі. Гісторыя Андрэя Астаповіча сведчыць пра тое, наколькі патрэбная дапамога асобам, якія наважыліся сысці з сістэмы – брутальнай, якая помсціць і не забывае. Але гэтыя людзі могуць разлічваць на дапамогу беларускіх арганізацыяў.

Аліна Коўшык, «Белсат»