Праз авіякатастрофу ў Іране, самалёты «Белавія» часова будуць аблятаць Іран і Ірак

Тэракт, тэхнічная няспраўнасць ці няшчасны выпадак? Следчыя ўсталёўваюць прычыны крушэння Boeing 737 у небе над Тэгеранам. Загінулі ўсе пасажыры ды чальцы экіпажу – 176 чалавек.

Шостая раніцы паводле іранскага часу. У неба ўзняўся самалёт «Боінг-737-800» Міжнародных авіялініяў Украіны, які здзяйсняў рэйс Тэгеран – Кіеў. Праз дзве хвіліны пасля ўзлёту лайнер перастаў выходзіць на сувязь. Адбылася катастрофа самалёта. На борце ляцелі 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Ад імя калектыву авіякампаніі я выказваю глыбокія спачуванні сем’ям людзей, якія былі на борце, усім людзям, для якіх яны былі дарагія», – са слязамі на вачах сказаў гэтыя словы Яўгеній Дыхнэ, прэзідэнт Міжнародных авіялініяў Украіны.

Са словаў Аляксандра Шафіева, тэхнічнага дырэктару Міжнародных авіялініяў Украіны, гэта быў адзін з найлепшых самалётаў авіякампаніі, з надзейным экіпажам:

«Самалёт 2016 года выпуску, атрыманы непасрэдна з заводу «Боінг», да гэтага не эксплуатаваўся, заўвагаў па матчастцы не было, апошнюю праверку праходзіў 6 студзеня, самалёт быў спраўны».

Спачуванні сем’ям загінулых выказаў Уладзімір Зяленскі. Прэзідэнт Украіны для высвятлення акалічнасцяў трагедыі даручыў стварыць аператыўны штаб, які ўзначаліў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў:

«У нас былі спісы ўсіх 169 грамадзянаў, якія былі зарэгістраваныя на гэты рэйс. Звяртаю вашую ўвагу, што на рэйс села 167 грамадзян. Два чалавекі не селі на рэйс».

Першапачаткова ўкраінскі бок перадаваў, што версіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазней авіякампанія выдаліла са свайго прэс-рэлізу гэты сказ. А тым часам іранскі бок паведаміў, што прычына аварыі не будзе раскрытая да завяршэння аналізу «чорных скрыняў», якія, у сваю чаргу, праз канфлікт са Злучанымі Штатамі Іран адмаўляецца перадаць вытворцы – амерыканскай авіякампаніі «Боінг».

«Можна знайсці кампраміс, калі замест амерыканскіх адмыслоўцаў да расследавання будуць прыцягнутыя еўрапейскія спецыялісты ў авіяцыйных катастрофах», – упэўнены Аляксандр Кава, экс-намеснік міністра інфраструктуры Украіны.

Пакуль адмыслоўцы высвятляюць прычыны авіякатастрофы, людзі ва ўсім свеце выказваюць спачуванне і падтрыманне тым, каго закранула гэтая трагедыя. Гэтак, у Менску да ўкраінскай амбасады беларусы прыносяць кветкі ды вянкі.

«Гэта трагедыя для ўкраінскага народу, а мы як сяброўскі беларускі народ выказваем свае спачуванні і краіне і сваякам загінулых, не толькі ўкраінцаў, але і іншых грамадзян», – адзначыла Алена Яськова, юрыстка Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

«Мы ў жалобе разам з украінцамі, канадцамі, іранцамі і ўсімі іншымі людзьмі, якія пацярпелі ў гэтай катастрофе», – сказаў Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Тым часам беларускі авіяперавознік «Белавія» пастанавіў часова аблятаць Іран і Ірак. Аналагічнае рашэнне прыняло кіраўніцтва цэлага шэрагу найбуйнейшых авіякампаніяў свету.

Вольга Старасціна belsat.eu

Глядзі таксама