Правяраем, як ад Берасця да Бярозы рыхтуюцца да Еўрагульняў


Праз паўтара месяца – Еўрапейскія гульні, пляцоўкаю для якіх будзе беларуская сталіца. Сума выдаткаў дзяржавы на арганізацыю спартовай імпрэзы ўжо ўдвая перакрочыла запланаваную. Але гэтым разам прыгледзімся, як рыхтуюцца сустракаць турыстаў аб’екты, якія ляжаць уздоўж галоўнай трасы краіны – М1. Камера Белсату праехала больш за 100 км. Што пабачыла?

Ад памежнага Берасця да Бярозы ў пошуках слядоў «Лесіка» – талісману «ІІ Еўрапейскіх гульняў». Пад цэннікам 12 руб. сустракаем рудога ў мяккім варыянце на аўтазапраўцы кобрынскага раёну «ТАТНАФТА». Бачна, што гаспадар гатовы сустрэць гасцей спартовай імпрэзы.

«У нас зʼявіўся новы асартымент з лагатыпамі Еўрапейскіх гульняў. Гэта і цукеркі, і шакаладкі, Там, пры ўваходзе ў дзверы, і буклеты, і мяккія забаўкі, і подушкі», – распавядае Сяргей Заяц, кіраўнік АЗС «ТАТНАФТА».

У адмысловым пакаванні – прысмакі, малавядомы ў Еўропе зефір выпусціла фабрыка «Чырвоны харчавік». Сёлета яны на «вышэйшай паліцы». Побач з улёткаю аб участковым інспектары – інфармацыя пра гульні на замежнай мове. Заправіліся – няблага б і перакусіць.

Зал прыдарожнай кавярні «Ампір» разлічаны на 50 месцаў, кухня даступная 24 гадзіны. «Ампір» вылучаецца з шэрагу наяўнасцю ангельскай версіі меню і мясам ва ўсіх асноўных стравах. Загадчыца кавярні «Ампір» Наталля Шэшко гаворыць:

«Мы прапаноўваем нашую беларускую кухню, прапрацоўваем шмат цікавых страваў: фірмовыя стравы, стэйкі, тушаныя шчочкі з ялавічыны вельмі смачныя, Асабука таксама з ялавічыны, запечаныя рулькі».

У «Прыдарожнай» у Федзькавічах асартымент ужо разнастаілі. Кожны абʼект сам вызначае, колькі мае закупіць тавару з лагатыпам Еўрагульняў.

«Па-расейску размаўляюць усе, хто да нас заязджае. Але гэта пакуль. А калі прыйдзе замежнік – ангелец ці немец – нічога страшнага! Разбяромся, зразумеем!» – кажа Юлія Кулікоўская, прадавачка крамы «Прыдарожная», Федзькавічы.

У дапамогу персанал атрымаў «размоўнікі» і чакае на планшэт-перакладчык, што дапаможа паразумецца з іншамоўнымі гасцьмі.

Паміж Берасцем і Бярозаю – тры запраўкі, дзве кавярні і адна крама. На шляху два 25-кіламетровыя ўчасткі без інфраструктуры для падарожніка. Хоць агулам Берасцейская частка трасы М1 на паслугі багатая. У транзітным гатэлі «Бона» кобрынскага раёну да «Гульняў» інфармацыю падрыхтавалі.

«Мяркую што людзі, якія будуць ехаць, наўрад ці нас закрануць. Не думаю, што будзе плынь, бо аўтамі ехаць дорага», – мяркуе адміністратар гатэлю «Бона» Таццяна.

Да прыкладу, падарожжа Берлін-Менск – гэта амаль 12 гадзін язды і ў сярэднім 260 еўра на паліва ў абодва бакі. Самалётам дабірацца значна хутчэй (2 гадзіны) і нязначна танней – 216 еўра.

Турыстам, якія маюць квіткі на спаборніцтвы, гарантаваны бязвізавы ўезд у Менск любым транспартам. Сустракаюць!

«У нас плануецца тут рамонт залі, распрацоўваюцца стравы. Кухня акцэнт робіць на беларускія стравы», – кажа Наталля, кухарка кавярні «Прыдарожная» у Федзькавічах.

Вось толькі ці ведаюць замежнікі пра гэтую падзею? Дзяржава выдаткавала 100 тысяч рублёў толькі на размяшчэнне тэматычных ролікаў на старонках вядомых медыяў, такіх як Euronews, BBC і Eurosport. Агульныя ж выдаткі, паводле Радыё Свабода, ужо склалі $ 107 тысячаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu