Правілы бяспекі на вадзе: як ратаваць тапельца?


Ужо больш за паўтары сотні чалавек патанула сёлета ў вадаёмах Беларусі. Што рабіць, каб гэтага не здаралася, і як, калі такое здараецца, ратаваць тапельца?

Купацца забаронена – абсалютна зразумела напісана на знаку. Не проста ж так яго тут паставілі. Аднак нават такія канкрэтныя наказы застаюцца не пачутыя вялікаю колькасцю людзей. Як вынік – траўмы і нават смерць сярод аматараў акунуцца ў летні дзень.

Паводле Таварыства выратавання на водах (ТВВОД), з пачатку года ў Беларусі патанулі 159 чалавек, у тым ліку 16 няпоўнагадовых. Чацвёра з шасці былі нецвярозыя. Уратаваць здолелі 131 асобу.

Дзяніс Чэшун, начальнік ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера», тлумачыць:

«Калі вы ўжо палезлі ратаваць, то падплывайце з боку спіны. Бо чалавек, які тоне, ён бачыць вас як астравок бяспекі. Ён пачне вас тапіць, кусаць, драпацца, біцца. Перад падыходам да тапельца ныраеце, ён вас губляе з віду, вы выплываеце са спіны, прасоўваеце рукі пад пахі і цягнеце яго да берагу. То бок фіксуеце ягоную галаву, каб яна не была пад вадой».

Але перад тым, як самому кідацца на дапамогу, абавязкова патэлефануйце на нумар 101, каб на месца выехала не толькі брыгада прафесійных ратавальнікаў, але і дактары. Калі ж вы не ўпэўненыя ў сваіх сілах, ніколі не спрабуйце ратаваць чалавека. Адмыслоўцы раяць звязаць вяроўку з вопраткі і кінуць яе пацярпеламу. Гэтак жа можна выкарыстаць і аўтамабільныя тросы ды выцягнуць тапельца на бераг.

Дзяніс Чэшун, начальнік ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера», распавядае:

«Па дастаўленні на бераг высветліце стан чалавека. Калі канстатавалі, што адбылося спыненне сэрца, то неабходна праводзіць рэанімацыйныя захады: масаж сэрца і штучную вентыляцыю лёгкіх».

У чым прычына частых няшчасных здарэнняў на беларускіх водах? Адказваюць аматары адпачынку ля сталічных вадаёмаў:

«Вялікая колькасць раскі побач з берагам. Можна заблытацца, спужацца, траўмавацца».

«Няправільныя паводзіны, алкаголь, спёка і гэтак далей».

«Тут забароненыя алкагольныя напоі. І гэта добра, бо мо і ад гэтага шмат».

«У нецвярозым выглядзе лезуць у ваду».

«Калі чалавек выпіў, то ён не ўмее плаваць, вось яны і тонуць».

«Увогуле няма чаго лезці ў ваду, калі не ўмееш плаваць. Або браць з сабой ратавальныя кругі, камізэлькі, нарукаўнікі».

У Беларусі штогод больш за сотню нырцоў атрымліваюць цяжкія пашкоджанні хрыбетніка і спіннога мозга. Прычына – купанне ў забароненых месцах, а таксама ныранні ці скокі ў ваду з вышыні. Для апошняга ўва ўсёй Беларусі ўвогуле няма дазволеных месцаў, хіба што ў адмысловых басейнах.

«Купацца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. Гэта пляжныя зоны, абсталяваныя распранальнямі, буямі, вадалазы праверылі дно, што яно чыстае. Дзеці да 14 гадоў павінныя быць з дарослымі толькі ў дзіцячай зоне. На кожным пляжы ёсць адмыслова абсталяваная дзіцячая зона», – кажа начальнік ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чэшун.

Таксама ўважліва сачыце за малымі дзецьмі і не пакідайце іх без нагляду. Варта сачыць, каб яны не толькі не лезлі ў ваду, але і не перагрэліся.

Ну і самае галоўнае. Памятайце, што купанне і алкаголь – рэчы несумяшчальныя, асабліва ў спякотнае надвор’е. Прытрымлівайцеся правілаў бяспекі на вадзе і атрымлівайце асалоду ад адпачынку.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu