«Правацэнтрысты» робяць стаўку на навічкоў


Палітычная кампанія ў Палату прадстаўнікоў перагарнула чарговы аркуш выбарчага календара. Спісы ўдзельнікаў сёлетняй кампаніі збольшага сфармаваныя, таксама ідзе працэс вылучэння прадстаўнікоў апазіцыі ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Тэрытарыяльныя камісіі ў сённяшняй сітуацыі маюць значэнне. Праўда, яшчэ большае значэнне маюць акруговыя камісіі. Мы маем прыклад мінулых выбараў. Тады сябра менскай гарадской камісіі Зміцер Каспяровіч, карыстаючыся статусам і магчымасцямі, якія дае сяброўства ў камісіі, прыехаў і фактычна выкрыў на некаторых участках несупадзенне ў спісах, у колькасці выдадзеных бюлетэняў», – кажа старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Апазіцыя на гэтыя выбары абяцае вылучыць каля 200 кандыдатаў у дэпутаты. Спісы яшчэ будуць удакладняцца, частка патэнцыйных дэпутатаў можа адмовіцца праз ціск з боку ўладаў. Але пакуль, найбольшую колькасць кандыдатаў абяцаюць вылучыць прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі. Лідары кааліцыі ў выбарах удзельнічаць не плануюць. Чаму, тлумачыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«Мы ў гэтай кампаніі робім стаўку на тых, для каго гэта першая выбарчая кампанія, або яны ўдзельнічалі ў мясцовых выбарах, а парламенцкая кампанія – першая».

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі мусяць быць сфармаваныя цягам наступнага тыдня, пасля пачнецца рэгістрацыя ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Свае шанцы, прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі ацэньваюць цвяроза.

«Гэта выклік для ўладаў, а не для апазіцыі. Улада кіруе гэтым працэсам, яны 20 гадоў прызначаюць дэпутатаў усіх узроўняў. І гэта тупік, крызіс выбарчай сістэмы, і падкрэслю, выклік перадусім для ўлады – пытанне яўкі», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Найхутчэй сёлетні гэтак званы конкурс у Палату прадстаўнікоў будзе, як ва ўплывовае ВНУ, каля 4 чалавек на месца. Апроч апазіцыі пра свае амбіцыі кажуць і ў партыі Гайдукевіча, і ў прапрэзідэнцкай Белай Русі. Што да кандыдатаў ад улады, то звычайна выбарнікі знаёмяцца з імі ўжо ў бюлетэнях.

Аркадзь Несцярэнка