Праваслаўныя рыхтуюцца сустрэць Вялікдзень


Беларусы святкуюць двойчы. Праз тыдзень пасля каталікоў і пратэстантаў праваслаўныя рыхтуюцца сустрэць Вялікдзень – найвялікшае хрысціянскае свята. Усяночнай службе папярэднічае традыцыйнае асвячэнне ежы. Хоць самыя вернікі кажуць, што гэта не найважнейшы элемент.

Вялікая субота. Мільёны праваслаўных беларусаў рыхтуюцца сустрэць свята Уваскрашэння Гасподняга. Пільна рыхтуюцца і ў менскай сям’і Шанцілаў.

«Ісус Хрыстос прыйшоў да нас на Зямлю, каб збавіць чалавецтва ад граху. і ў гэты дзень спраўляецца Дзень Светлай Пасхі, Ісус Хрыстос уваскрасае!» – кажа праваслаўны вернік Лявон Шанціла.

Спадар Лявон займаецца фальклёрнаю дзейнасцю ў тэатры «Шчырасць», жонка – лекарка паводле прафесіі. Апошнія дні перад святкаваннем заўсёды напоўненыя гаспадарчымі клопатамі. Адносны спакой пануе акурат у суботу – сёлета на яе выпала яшчэ адное рэлігійнае свята – Дабравешчанне.

«Учора я пафарбавала яйкі, каторыя я сёння панясу свяціць. Тут яшчэ пачастункі падрыхтаваныя – соль, кілбаса, хлеб… Усё гэта я асвячу, так як пост скончыўся», – кажа Наталля Шанціла.

Між тым, кулічы, пірагі ды яйкі – старажытны і прыгожы, але зусім не найважнейшы атрыбут. За мітуснёю прыгатаванняў варта не згубіць самое сутнасці свята.

«Гэта самая страшная бяда – гэта смерць. Хрыстос перамог яе. Чаму і спяваецца ў галоўным песнапенні «Хрыстос уваскрос з памерлых, смерцю смерцю зваяваў, і тым, што ў магілах, жыццё дараваў». У гэтым сутнасць. І гэта, можна сказаць, такі заклік чалавека – перамагаць грэх», – тлумачыць архімандрыт Алексій.

Уваскрашэнне Хрыста – аснова і сэнс усяго хрысціянскага вучэння. Пасля страшэнных пакутаў і смерці на крыжы надышла Божая перамога.

А таму і продкі нашы назвалі гэтае свята ёмка і адпаведна – Вялікдзень.

Вернікі ў Менску кажуць:

«Мая бабуля была верніцай, у мяне прадзед быў мітрапаліт, пахаваны ў царкве ў Вільні, памёр ў 1941, на пачатку вайны… Таму ў маёй сямʼі ўсё гэта шануюць».

«Вядома, усяго смачненькага нагатавалі. Такое добрае, чыстае свята, такая радасць на душы».

«Народ таксама ўвесь узнёслы, усе так усміхаюцца. І мы бясконца сюды прыходзім штогод, хочацца прыходзіць сюды, прыходзіць».

Святочны настрой сярод праваслаўных будзе трываць столькі сама, колькі і пост, то бок 40 дзён. Цягам Велікоднага перыяду аж да Свята Узнясення вернікі будуць вітаць адно аднаго воклічам «Хрыстос уваскрэс!»

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Фота – Vladimir Smirnov/TASS