Праваслаўныя рыхтуюцца сустрэць Вялікдзень удома


Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня вернікі прыносяць велікодныя пірагі і яйкі для бласлаўлення ў царкву іконы Божай Маці «Усіх гаротных Радасць». 18 красавіка 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Святары просяць вернікаў дбаць пра сваё здароўе.

Свята Вялікадня ў масавай культуры – гэта і кулічы, і фарбаваныя яйкі, і велікодныя трусікі. Гэтак і для маладой пары Пятра і Аліны, царква – толькі адзін з традыцыйных элементаў.

«З аднаго боку, гэта рэлігійная традыцыя, якую я разумею, я падзяляю перакананні людзей. Гэта падтрыманне сям’і ў ейных перакананнях. А з іншага боку я стаўлюся да гэтага проста як да культурніцкай асаблівасці», – кажа Аліна Кучынская.

Але такі падыход не замінае мець уласных велікодных традыцыяў.

«Гатаваць велікодныя яйкі ды кулічы і іх свяціць. І на працягу наступнага тыдня ездзіць адно да аднаго: да бабуль, цётак і гэтак далей – ды абменьвацца велікоднымі стравамі», – распавядае Петр Палевікоў.

У Вялікую Суботу вернікі традыцыйна ідуць на ўрачыстыя службы ў царкву. Каб памаліцца, асвяціць святочныя стравы ды трапіць на споведзь. У Петрапаўлаўскай царкве ў цэнтры Менску нешматлюдна: вернікі прыслухаліся да заклікаў святароў і рыхтуюцца да свята ўдома. Але некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі асвяціць кулічы ды яйкі.

«Вялікдзень для мяне, канечне, важны, бо інакш мяне б тут не было. Я верніца – настолькі, наколькі магу. Хацелася б болей, але пакуль што не атрымліваецца».

«Чаму не прыйсці? Я ўвесь час хаджу ў царкву, ані разу ў мяне не было аніякіх зменаў да горшага. Бог нас абараняе».

«Калі ты верыш, то ты верыш, любіш і ідзеш. Пацвярджаеш. А ўсё, што кажуць… Ведаеце, у кожнага свая думка».

Айцец Яўген Грамыка кажа, што нягледзячы на складаныя ўмовы, вернікі мусяць годна рыхтавацца да свята. Але і не забываць дбаць пра сваё здароўе.

«Мы людзям прапаноўваем: калі чалавек захварэў, ці калі чалавек не вельмі добра пачуваецца, ці калі баіцца, што можа захварэць, трэба ўстрымацца ад наведвання царквы і памаліцца ўдома», – кажа протаіерэй.

Сёлета далучыцца да велікодных службаў можна не толькі ў царкве. «Белсат» падрыхтаваў адмысловую велікодную праграму: ад шэрагу дакументальных і мастацкіх фільмаў да жывога эфіру з набажэнства. У ноч на нядзелю, а палове на першую гадзіну, «Белсат» распачне трансляцыю набажэнства з праваслаўнае царквы ў вёсцы Тапілец на Беласточчыне.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 18 красавіка