Праваслаўныя Беларусі і свету адзначаюць Раство Хрыстова


Адно з галоўных святаў праваслаўных вернікаў Беларусі ды свету. Традыцыйна Раство Хрыстова паводле Юліянскага календара сустракаюць за святочным сталом, а ўдзень – то бок сёння – наведваюць царкву.

Урачыстыя службы распачынаюцца яшчэ напярэдадні і працягваюцца ўсю ноч. Перад малітваю прыхаджане пакланяюцца дзіцятку Хрысту, размешчанаму ў батлейцы.

Вернікі:

«Такое свята Раство Хрыстова, што хочацца быць у храме. Хочацца быць сярод вернікаў».

«Гэта той дзень, калі ў нашых сэрцах – цеплыня, дабрыня, хочацца ёю дзяліцца».

«Раство Хрыста азначае для нас для ўсіх будучае збавенне ім ад нашых грахоў. Таму гэта прадвеснік таго самага».

У галоўнай праваслаўнай святыні Беларусі – менскім саборы Святога Духу – усяночную правёў мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел.

Усяночная нагадвае пра падзеі Старога і Новага Запаветаў. Яна папярэднічае літургіі – галоўнаму служэнню ў царкве.

Далучыцца да боскай літургіі праваслаўныя вернікі змаглі і па-беларуску. У Менску служэнне прайшло ў царкве святога Кірылы Тураўскага.Вернікі моляцца разам і ставяць свечкі – сімвал веры ў вечнае Божае валадарства. Тыя, хто паспавядаўся, падчас службы прыняў прычасце.

Уладзімір Даўгаполаў, протаіерэй, настаяцель царквы св. Кірылы Тураўскага:

«Мы прыгадваем той час, калі Хрыстос прыйшоў у гэты свет. Бог прыйшоў да нас. Для нас гэта вялікая радасць, бо ён не пакінуў нас, але ён аддаў свайго сына адзінароднага, каб ён прыйшоў у свет, стаў жыць разам з намі і потым прыняў пакуту за нашыя грахі і дараваў нам жыццё вечнае праз сваё ўваскрэсенне з памерлых».Ухвалялі Хрыста і каляднымі песнямі.

Для кожнага верніка праваслаўнага ці каталіцкага свята Раства Хрыстова ёсць цудам, што натхняе вось ужо больш за дзве тысячы гадоў.

«Бог, які стварыў сусвет, бог, які магутны, прыходзіць у свет як маленькае дзіцятка, давярае сябе людзям, гэта надзвычайна».

«Гэта ўратаванне, якое Хрыстос дае, гэта суцяшэнне, якое Гасподзь дае, гэта радасць. Гэта той, без каго сэнс жыцця быў бы мінімальны».

З надыходам Раства пачынаюцца святыя дні. Гэтак у цэрквах цягам яшчэ 12 дзён, да Вадохрышча, будуць праходзіць малітвы.

Юлія Лабанава belsat.eu