Праваслаўныя адсвяткавалі Вялікдзень


Свята на гэтым не заканчваецца – наперадзе велікодны тыдзень.

Святкаванне праваслаўнага Вялікадня распачалося роўна апоўначы з усяночных богаслужэнняў па ўсёй краіне, падчас якіх вернікі маліліся і разважалі пра таямніцу збаўлення. Ува ўсе цэрквы Беларусі да свята даставілі часціцу Жыватворнага агню з царквы Святое Дамавіны Гасподняе.

Вакол менскага Свята-Духава сабору адразу пасля велікоднай літургіі ідзе традыцыйны хросны ход – сімвал шляху да бога. Са свечкамі ды пад урачыстыя званы бомаў.

Вялікдзень сведчыць перамогу жыцця над смерцю, перамогу над грахамі чалавецтва, якая дае надзею на вечнае жыццё.

«Ахвяра Хрыстова мае важнае значэнне для кожнага чалавека. Гэта магчымасць наследаваць жыццё вечна, магчымасць быць з богам. Быць як у гэтым жыцці шчаслівым і мець пэўны сэнс жыцця, так і магчымасць жыць вечна», – кажа іерэй Дзмітрый Нецветаеў.

Пасля хроснага ходу здзяйсняецца ранішняя служба, па заканчэнні яе святары асвячаюць прынесеную вернікамі ежу, ад якой тыя адмаўляліся падчас Вялікага Посту. Здаўна прынята, што першаю ежай пасля Вялікага посту павінныя стаць асвечаныя фарбаваныя яйкі, пірагі, кулічы і тварожная пасха.

Колькі б сімвалаў ні мела Уваскрашэнне Хрыста, святары заклікаюць памятаць не пра вонкавы свет, а пра ўнутраны: умацоўваць сваю веру і ачышчаць у першую чаргу сэрца і душу

Сцяпан Святлоў; фота – Васіль Фядосенка/Reuters