Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вялікдзень


Галоўная служба краіны адбылася ў менскім Кафедральным саборы. Бліжэй да паўночы на службу да кіраўніка Беларускага экзархату мітрапаліта Паўла сабраліся тысячы вернікаў.

«У нас у сям’і гэта заўсёды было свята, да якога рыхтаваліся і хадзілі ў царкву. Я, канечне, не хаджу, але ў нас ходзяць на ўсяночную. Гэта абавязкова чырвоныя яйкі, а не зялёныя ці жоўтыя – як сімвал крыві, якую праліў Сын Божы», – распавяла «Белсату» верніца.

Апоўначы ва ўсіх цэрквах распачаўся Хросны ход. Па выніках яго з вуснаў праваднікоў службы і прагучала сакральнае.

Аляксандр Лукашэнка запаліў свечку ў царкве Нараджэння Хрыстова ў Лагойскім раёне. Традыцыю наведваць святыні ў вёсках кіраўнік краіны распачаў у 2013 годзе, калі галавой Беларускага экзархату стаў мітрапаліт Павел.

Было забаўна бачыць з ім за працай заўсёднікаў разгонаў апазіцыйных акцый.

На ўсход ад нас, у Расеі, найбуйнейшыя набажэнствы традыцыйна праходзілі ў маскоўскім храме Збаўцы. Там прэзідэнт Уладзімір Пуцін і прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў трымалі свечку на асобнай сцэне – побач з алтаром і святарамі.

Нашыя паўднёвыя праваслаўныя вернікі ўпершыню за тысячагадовую гісторыю пашырэння хрысціянства Светлае Хрыстова Уваскрашэнне сустрэлі ў межах адзінай аўтакефальнай царквы.

Пасля начной службы ў Свята-Міхайлаўскім саборы ў Кіеве дзейсны прэзідэнт Пётр Парашэнка наведаў ранішнюю цырымонію ў грэка-каталіцкім Саборы Уваскрашэння Хрыстова.

Хрыстос Уваскрос паўсюль, дзе яго сустракалі.

«Я кожны год хаджу. Нават ў нас у вёсцы хадзілі з ліхтаром. Таму для мяне гэта шмат што значыць. Я нават яшчэ ў камсамольскія часы цішком хадзіў», – узгадвае вернік з Менску.

Раніцай у беларускіх цэрквах працягнуліся святочныя службы, якія абвясцілі заканчэнне вялікага посту. Праз 10 дзён беларусаў чакае яшчэ адно веснавое важнае духоўнае свята – Радуніца, дзень памінання памерлых.

Алесь Залеўскі, belsat.eu