Правакацыя расейцаў у Менску: «выведка боем» атрымалася


У «Прэзідэнт-Гатэль» чатыры расейскія нацболы прабраліся, назваўшыся беларускімі журналістамі з «Нашай Нівы». Крыкам яны перапынілі выступ прадстаўніка АБСЕ Марціна Зайдыка і раскідалі ўлёткі аб непрызнанні Менскага фармату перамоваў.

«Данбас у склад Расеі!», – скандавалі маладзёны.

Пасля інцыдэнту расейскія медыі заявілі, што прэс-канферэнцыя сарваная. Беларускія сказалі толькі пра спробу правакацыі. Бо Марцін Зайдык усё ж выступіў.

Навошта спрабаваць сарваць руцінную прэс-канферэнцыю?

«Шмат хто сапраўды хоча сарваць Менскі перамоўны працэс, каб не Менск быў пляцоўкай для перамоваў. Шмат хто хоча проста лінуць бянзінчыку ў гэты тлеючы кацёл на Данбасе лінуць. А шмат хто хоча заявіцца, як актыўная і дзяржаўная сіла», – мяркуе журналістка Святлана Калінкіна.

Для «нашаніўцаў» выкарыстанне іхнага імя сталася непрыемным сюрпрызам

«Гэта такая кампраметацыя, што нейкія невядомыя людзі, нейкія маргіналы, якіх нават у Расеі забаранілі, могуць прабрацца ў самае сэрца нашай сталіцы, і пачаць крычаць. І добра, што яны яшчэ страляць там не пачалі, не пачалі кіслатой абліваць тых АБСЕ-шнікаў. Ну і таксама гэта такі добры ўдар пад дых нашым сілавікам», – зазначыў журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч.

І сапраўды, міліцыянты схапілі толькі нацбола, які сам затрымаўся даць каментары журналістам. Астатнія пасмейваюцца з Масквы, што 5-цідзённы арышт для іх – што цыгарэту выпаліць.

«Выведка боем» ад Эдуарда Лімонава

Калі акцыя нацболаў на важнай для Менску прэс-канферэнцыі была «выведкаю боем», то гэтая выведка ўдалася. З чатырох удзельнікаў затрымалі толькі аднаго. А значыць, такіх правакацыяў бліжэйшым часам можа быць больш.

«Другая Россия» – гэта тая ж Нацыянал-бальшавісцкая партыя Эдуарда Лімонава. Нібыта забароненая федэральнымі ўладамі, нібыта апазіцыйная. Але ў канфлікце са Злучанымі Штатамі ды Украінай інтарэсы Крамля і нацболаў супадаюць. У Расеі яны атакуюць замежныя амбасады і дыпламатаў, ва Украіне ваююць, набіраюцца баявога досведу. Што да Беларусі, то нацболы заўжды былі за пашырэнне расейскага ўплыву.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»