Праваабаронцы выпусцілі мабільны дапаможнік пры затрыманнях


Што рабіць, калі вас затрымалі на масавым мерапрыемстве і як паводзіць сябе ў размовах з міліцыяй? На гэтыя пытанні адказвае мабільны дадатак “Твае правы”, які днямі выпусцілі праваабаронцы.

Уявіце, вы прыйшлі на масавае мерапрыемства. Да вас падыходзіць міліцыянт і просіць паказаць пашпарт, перапісвае звесткі, а наступны дзень вас выклікаюць у міліцыю. Што рабіць?

Адказ на гэтае ды іншыя пытанні – у мабільнай праграме, якую распрацавалі праваабаронцы грамадскага руху «Дзея» і аб’яднання «Прававая ініцыятыва». Дык што ж рабіць, калі пасля масавага мерапрыемства выклікаюць у міліцыю?

«Вы павінны ведаць, чаму вас выклікаюць. Вы павінны запытацца, і супрацоўнік міліцыі абавязаны вам сказаць, чаму вас выклікаюць і кім вы будзеце зʼяўляцца», – кажа распрацоўнік праграмы Максім Ціханаў.

Калі ў міліцыі складаюць пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, то варта яго падпісаць. А ў адмысловай графе напісаць свае заўвагі. Распрацоўнікі гульні таксама раяць перапісаць звесткі супрацоўніка, які вас затрымаў.У размовах з міліцыяй варта памятаць пра 27-ы артыкул Канстытуцыі, які дае права не сведчыць супраць сябе і сваіх родных. Калі вас затрымалі больш як на тры гадзіны, вы маеце права паведаміць пра гэта родным і блізкім.

У дадатку таксама ёсць памятка, што трэба ведаць пры затрыманні, вобшуку і допыце ў якасці сведкі. Праваабаронцы нагадваюць: ва ўсіх трох выпадках вы маеце права на абаронцу і бесперашкоднае камунікаванне з ім.

Наста Кахановіч «Белсат»