Праваабаронцы: выбары праходзяць ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску


Не толькі асвятляюць падзеі, але і сведчаць. Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву выклікалі ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў крымінальнай справе. Вядзецца пра масавыя пратэсты 14 ліпеня.

«Я ішла адразу на допыт з рэчамі. Мне параілі праваабаронцы, і мой адвакат сказала, што гэта нармальная мера падстрахоўкі. Я ўзяла ўсё самае неабходнае, але, на шчасце, мне гэта не спатрэбілася», – распавядае журналістка.

Кацярына Андрэева вяла стрым з менскіх акцыяў супраць нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі ды Валерыя Цапкалы кандыдатамі на прэзідэнцтва. Падчас пратэстаў адбыліся сутыкненні з міліцыяй. На наступны дзень Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу 342 за арганізацыю і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Гэтая справа масавая, будуць апытаныя больш за 450 асобаў. Так сказала следчая, якая мяне дапытвала. Цяпер выклікаюць усіх, хто быў там, і ўсіх, хто быў затрыманы», – тлумачыць Кацярына Андрэева.

Паводле праваабаронцаў, сутыкненні ўдзельнікаў мірных пратэстаў з сілавікамі справакавалі самыя міліцыянты – непрапарцыйна жорсткімі дзеяннямі. Агулам жа дзеянні ўладаў у чарговай справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ацэньваюцца як «беспрэцэдэнтны ўзровень ціску» на ўдзельнікаў выбарчага працэсу.

«Відавочна, што сэнс хутчэй у тым, каб людзей палохаць і такім чынам стрымліваць пратэставую актыўнасць, якую мы бачым на вуліцах. Мы бачым, што сотні чалавек затрыманыя, і гэта не збівае актыўнасці людзей, людзі выходзяць ізноў», – кажа праваабаронца Алег Гулак.

Судовы пераслед удзельнікаў акцыяў салідарнасці працягваецца і ў Менску і ў рэгіёнах. А ціск на журналістаў вядзецца ў тым ліку і праз іх родных. У Гомлі суд Цэнтральнага раёну разглядаў сёння справу ў дачыненні сына журналісткі БелаПАНу Алены Германовіч і журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Паўла Міцкевіча.

«Я чакала, што мяне ці мужа могуць затрымаць на акцыі ці пасля акцыі, якія мы асвятляем. Але я не чакала, што метады сталі больш брутальнымі і ціск пачаўся не на нас, а на нашага малога, якому толькі нядаўна споўнілася 18 гадоў», – кажа Алена Германовіч.

Паводле Алены Германовіч, ейнага сына разам з сябрам затрымалі 3 ліпеня па дарозе на пляж, абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта чапляўся да мінакоў. У ізалятары часовага ўтрымання з хлопцам правялі гутарку.

«Мы за табой будзем сачыць, ты не зробіш крок улева, крок управа. А калі твае бацькі будуць нешта пісаць пра гэта, то мы цябе пасадзім», – кажа Алена Германовіч.

«Улада пераходзіць пэўную мяжу, бо дзеці не павінны адказваць за прафесійную дзейнасць бацькоў», – лічыць праваабаронца Леанід Судаленка.

Паседжанне ў адміністратыўнай справе Юрыя Германовіча працягнецца праз тыдзень, бо сёння на працэс не з’явіліся запрошаныя сведкі-міліцыянты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»