Праваабаронцы: Уладзіміру Кондрусю пашчасціла


Асуджаны, але амаль цалкам вольны. Паўтара года гэтак званай «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам, без скіравання ва ўстанову – такі вырак суд Ленінскага раёну Менску агучыў для ўдзельніка паслявыбарчых пратэстаў у снежні 2010 года – Уладзіміра Кондруся.

З улікам часу, адседжанага ў СІЗА, асуджанаму засталося адбыць каля пяці месяцаў «хатняй хіміі». Што праўда, Кондрусь не пачуў вердыкту суддзі, бо адмовіўся ўдзельнічаць у паседжанні.

«Хлопец паводзіў сябе выключна мужна. Гэта прыклад для многіх і многіх беларусаў!», – сказаў Павел Севярынец.

Уладзімір Кондрусь адразу пасля затрымання сёлета 14 чэрвеня пачаў актыўна пратэставаў супраць следства. Абвесціў галадоўку ў СІЗА, пасля чаго праз стан здароўя трапіў у шпіталь. А на першым судовым паседжанні 16 лістапада спрабаваў парэзаць сабе жылы. У выніку суддзя Святлана Бандрэнка запатрабавала правесці псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу.

Паводле экспертаў, ва Уладзіміра Кондрусяшызоідна-параноідны разлад асобы, які выявіўся ў павышанай падазронасці, скажоным успрыняцці навакольных зʼяваў. Як цвердзяць псіхолагі, ён не да канца разумеў свае дзеянні. І менавіта гэтым пракурор тлумачыла свае патрабаванні не адпраўляць абвінавачанага ў закрытыя ўстановы для пакарання. А толькі лячыць і назіраць за паводзінамі на волі.

«Пракурор прапаноўвала амбулаторна назіраць, па месцы знаходжання. Такім чынам, гэта не звязана з ізаляцыяў у псіхіятрычнай лякарні», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Пры гэтым бок абвінавачання ўпэўнены, што віна Кондруся відавочная. Сярод доказаў пракурор называла відэа- і фотаздымкі, дзе, паводле яе, бачна, як падсудны бʼе шыбы Дому ўраду, супраціўляецца міліцыянтам ды спрабуе прарвацца ўнутр урадавага будынку. Таксама пракурор падала ліставанне ў месенджарах, дзе Кондрусь паведамляе сябрам пра намер ехаць на пратэсты, а пасля Плошчы піша пра свой удзел у ёй. Але ацэнка гэтых доказаў у пракурора і праваабаронцаў з адвакатам – розная.

«Мы не можам сказаць, што тое, што рабіў Кондрусь, гэта мірнае выказванне свайго меркавання. І таму не падпадае пад абарону стандартаў аб мірных сходах. Але з іншага боку, мы лічылі і лічым надалей, што ў ягоных дзеяннях няма складу злачынства паводле артыкулу «Масавыя беспарадкі»», – кажа Валянцін Стэфановіч.

І калі справу перакваліфікавалі б, напрыклад, у «хуліганства», згодна з законам Кондруся мусілі апраўдаць, бо тэрмін даўнасці паводле гэтага артыкулу сышоў.

Былы палітвязень, кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010-м Мікалай Статкевіч мяркуе: вызваліць ад адказнасці Уладзіміра Кондруся варта яшчэ і таму, што ён меў за мэту не проста парушэнне парадку. Актывіст спрабаваў скарыстацца момантам, каб павярнуць краіну на шлях пераменаў, чаго праз выбары ва ўмовах фальсіфікацыяў зрабіць немагчыма.

«Безумоўна, я лічу што Кондрусь ні ў чым не вінаваты. Ён, як і дзясяткі тысяч іншых людзей, 19 снежня 2010 года спрабавалі перадухіліць асабліва цяжкае злачынства – працяг захавання ўлады неканстытуцыйным шляхам», – кажа Мікалай Статкевіч.

У жніўні 2015-га апошнія асуджаныя за Плошчу выйшлі на волю, памілаваныя Лукашэнкам, што палепшыла адносіны паміж афіцыйным Менскам і Захадам. І, паводле праваабаронцаў, Уладзіміру Кондрусю пашчасціла. Бо ўлады, прынамсі пакуль, не зацікаўленыя ў новых палітвязнях, таму і вырак прагучаў адносна мяккі.

Юрый Салодкі belsat.eu