Праваабаронцы: Беларусь вяртаецца ў сітуацыю 2006 года


Ад справы патрыётаў да справы прафсаюзаў. У сталіцы Польшчы ў межах канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай чалавечаму вымярэнню, правы чалавека ў Беларусі абмяркоўвалі дзясяткі экспертаў.

Лейтматывам гучала слова «нестабільнасць»

Гаворка як пра ўнутраную, гэтак і пра вонкавую, рэгіянальную нестабільнасць. Калі ўнутры краіны сітуацыя з правамі чалавека змянілася ў бок пагаршэння пасля масавых мітынгаў супраць прэзідэнцкага дэкрэту № 3, то цяпер афіцыйны Менск, праз вучэнні «Захад-2017», расхіствае рэгіянальную стабільнасць.

Тое, што адбываецца ў свеце, асабліва ў нашым рэгіёне ў звязку з агрэсіяй Расеі, не дадае цікавасці да правоў чалавека, кажуць арганізатары. Але немагчыма заплюшчваць вочы на фундаментальныя падзеі ў грамадстве.

«Калі зважаючы на бяспеку мы будзем забываць пра тое, на чым грунтуецца свабодны свет, Еўропа, на правы чалавека, то значыць мы проста перастанем бачыць перад сабою будучыню», – упэўнены Уладзімір Кобец, старшыня Беларускага дому ў Варшаве.

Сярод сітуацыяў, якія абмяркоўвалі, – справа патрыётаў

Яе не закрылі, фігурантамі праходзяць 16 асобаў. Але апроч самых колішніх сябраў «Белага легіёну» ціск ідзе і на адвакатаў, якія абаранялі арыштантаў СІЗА КДБ. Падрабязнасці «Белсату» распавёў Сяргей Бульба.

Мы асцерагаемся, што частка адвакатаў, якія абаранялі нашых хлопцаў, не будуць атэставаныя. Справа вельмі сур’ёзная, бо там было падкіданне зброі. Прычым яны спачатку «адкаталі пальчыкі», пасля прычапілі іх на аўтамат. Адвакат натуральна пра ўсё гэта дакладала.

Крок наперад – два назад

Беларусь вяртаецца ў сітуацыю 2006 года, калі ў краіне зноўку ёсць палітзняволеныя, кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна». Апошнім палітвязнем быў прызнаны сябра прафсаюзу РЭП Ігар Комлік. Апроч яго палітзняволенымі лічацца Міхаіл Жамчужны і Зміцер Паліенка.

Ацэнка сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварае падвойныя стандарты. І мы можам апынуцца ў сітуацыі, у якой зараз апынуўся Азербайджан. Там дзясяткі палітычных зняволеных, але тым не менш ЕЗ працягвае з Азербайджанам актыўныя кантакты, сыходзячы з геапалітычнай сітуацыі.

Канферэнцыя аб рэалізацыі чалавечага вымярэння АБСЕ працягнецца ў Варшаве да 22 верасня. Сярод іншага, на парадку дня будуць і пытанні развіцця сістэмаў грамадскага кантролю ў Беларусі. Апошні прыклад: калі грамадскасць прапанавала назіраць за вучэннямі «Захад-2017», афіцыйны Менск не звярнуў на ініцыятыву ніякай увагі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum