Праваабаронца: Улады вяртаюцца да найгоршых практык выбарчай кампаніі


Актывіста Змітра Казакевіча знялі з выбараў пасля таго, як яго збілі ў Курапатах: у якасці кандыдата ў дэпутаты маладзён спрабаваў раздаваць улёткі наведнікам рэстарану «Паедзем паядзім». Зняцце з выбараў і забарона прадстаўнікам апазіцыі выступаць у СМІ атрымалі масавы характар, кажуць удзельнікі кампаніі.

«У нас 14 кандыдатаў у дэпутаты, і з іх толькі 4 выступы патрапілі ў эфір. Чальцы камісіяў зрываліся на істэрыку і крыкі, казалі: вы крытыкуеце ўладу – гэта недапушчальна! У вас лозунг «Баста» – мы не можам гэтага дапусціць! Яны казалі гэта адкрытым тэкстам. Гэта проста паказвае, што ўлада баіцца тых людзей, якія патрабуюць іх змены», – кажа каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

У такіх умовах выбарчая кампанія выходзіць на фінальны этап.

Першая палова перадвыбарчай агітацыйнай кампаніі завяршылася. Ужо праз тыдзень распачынаецца датэрміновае галасаванне. Але і сёння бальшыня выбарнікаў не ведаюць кандыдатаў у дэпутаты. Пра гэта казалі мінакі на вуліцах Менску:

«Не ведаю, бо мала цікаўлюся і мала інфармацыі таксама».

«Не асабліва ведаем – асабіста я асабліва гэтым не цікаўлюся. У нас гэта неяк ціха праходзіць, мала паведамляецца і не асабліва ведаю людзей, якія ў дэпутаты ідуць».

«Калі перапытаць у большасці людзей – яны не будуць ведаць увогуле нікога. І мы не маем ніякага нармальнага выбару».

Скаргі на зняцце з эфіраў радыё і тэлебачання выступаў кандыдатаў у дэпутаты ўжо двойчы разглядаў назіральны савет пры Цэнтрвыбаркаме, але безвынікова, кажа сябра савету.

«Большасць прадстаўнікоў назіральнай рады пашыральна разглядаюць магчымасці абмежавання выступлення кандыдатаў, як і рэдакцыі СМІ. Пашыральна разглядаюць абмежаванні, якія нават выходзяць за межы дзейнага заканадаўства. На мой погляд, рэдакцыі могуць вызначаць толькі час і месца выступу ў эфіры і не ўмешвацца ў змест», – распавядае Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ і сябра назіральнага савету.

Сёлетнія выбары праходзяць без відавочных сілавых захадаў і рэпрэсіяў супраць удзельнікаў кампаніі, але выкарыстоўваюцца іншыя адміністрацыйныя механізмы ўплыву на хаду выбараў.

Валянцін Стэфановіч, эксперт кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары», тлумачыць:

«Улады ў гэтым годзе хіба вяртаюцца да найгоршых практык правядзення кампаніі. Гэта і колькасць сяброў дэмакратычных сіл у выбарчых камісіях, якіх менш, чым у мінулыя гады. Гэта і распаўсюд друкаваных матэрыялаў ад імя кандыдатаў, што з’яўляецца падставай для іх зняцця. І зараз мы бачым зняцце выступаў з эфіраў або з удзелу ў выбарах нібыта за нейкія парушэнні правядзення агітацыі».

12 лістапада ў Беларусі распачнецца датэрміновае галасаванне.

Галіна Абакунчык belsat.eu