Аб'ектыў 16.10.2018 Праваабаронца: «У нас фактычна няма апраўдальных прысудаў»


Страцілі давер да беларускага правасуддзя праз немагчымасць зрэалізаваць свае правы ў судзе. Гэтак агульную сітуацыю ва ўзаемадзеянні судоў і грамадзянаў апісвае праваабаронца Алег Волчак. Менавіта праз вялікую колькасць незадаволеных і распачалася маштабная праца ў рыхтаванні рэформы судовае сістэмы.

Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Людзі скардзяцца на непрафесіяналізм, зацягваюцца судовыя працэсы, ёсць карумпаванасць – калі пытанне пра нерухомасць ці нейкія маёмасныя правы. Няма змены суддзяў пэўных на найвышэйшых пасадах».

Што да адміністратыўных справаў, тут праваабаронцы адзначаюць значную частку палітычна матываваных рашэнняў. Гэта арышты і штрафы палітыкам, грамадскім актывістам, незалежным журналістам. Але і ў справах крымінальных ёсць пытанні. Найяскравейшы прыклад – рух Маці 328, удзельніцы якога наракаюць на несправядлівыя выракі 10 і 15 гадоў зняволення для сваіх дзяцей ды сваякоў.

Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Акрамя гэтага, ёсць і іншыя крымінальныя артыкулы, паводле якіх суды ўжо з самага пачатку маюць абвінаваўчы ўхіл. Тое, як следства прадставіла справу, гэтак справа і пойдзе ў суд. І яшчэ характэрна, што ў нас фактычна няма апраўдальных прысудаў».

Абскардзіць рашэнне гэтак жа складана. Наглядчыя і апеляцыйныя суды ў большасці выпадкаў не мяняюць рашэнняў ніжэйшых судоў. Гэтыя фактары агулам уплываюць на высокі ўзровень грамадскага недаверу, які, паводле праваабаронцаў, сягае 70-ці адсоткаў.

Жыхары Менску:

«Не ведаю, не скажу. Пакуль яшчэ не сутыкаўся з судамі нашымі».

«Даводзілася сутыкацца з некаторымі з’явамі, якія не ўпрыгожваюць гэтую сістэму. Сумленна кажу».

«Не веру. Бо яны па накатаным ідуць. Ёсць чалавек – ёсць артыкул».

«Яны настолькі залежаць ад улады! Як было ў савецкі час. Нічога не змянілася. Бо мусіць быць іншы падыход судовай улады. Яна не самастойная, таму нельга ёй давяраць».

Паводле прапановаў рэформы, каб сістэма правасуддзя зрабілася эфектыўнаю, патрэбная яе незалежнасць і грамадскі кантроль. Пачаць жа неабходна з замены складу суддзяў, якіх цяпер прызначае і звальняе адмысловая камісія пры Лукашэнку.

Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі:

«Мы прапаноўваем выбары суддзяў замест іх прызначэння… Каб адбіраліся найлепшыя кандыдаты, якія маглі рэкамендавацца органамі судзейскай супольнасці з ліку адабраных юрыстаў, якія маюць стаж працы ды здалі адпаведны іспыт».

Канцэпцыю судова-прававой рэформы прэзентавалі ўва ўсіх абласных цэнтрах краіны, апошнім з якіх быў Менск. Пасля дапрацоўвання яго пакажуць уладам.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары