Праваабаронца: Міліцыянты здзіўляюцца, калі чуюць, што працуюць за падаткі грамадзянаў


Не толькі ахоўнікам правапарадку, але і чалавекам, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу – такім беларускага міліцыянта хоча бачыць міністр унутраных справаў. А як праваахоўнікаў бачаць нашыя суайчыннікі ды чаго зычаць ім у дзень прафесійнага свята?

Павышэнне даверу насельніцтва – стратэгічная задача міліцыі, зазначыў у звароце з нагоды прафесійнага свята міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Паводле афіцыйнай сацыялогіі, крызісу даверу міліцыя не адчувае.

Праўда, давер гэты не абсалютны. Каму служаць міліцыянты, уладзе ці народу, запыталіся мы ў жыхароў Віцебску:

«Народу! Выключна народу. Стаіць на варце закону. Спадзяемся на гэта!»

«Дзяржаве, людзям, прэзідэнту ў тым ліку».

«Я сама сутыкнулася з сітуацыяй, дзе было звычайнае беззаконне! І я адказваю за свае словы – з усімі дакументамі. Так што міліцыю я цяпер стараюся абыходзіць».

Міліцыянты вядомыя не толькі тым, што ратуюць дзяцей ды спыняюць бандытаў. Дрэнную славу ў мінулым годзе яны зарабілі, напрыклад, уварваннем у кватэру грамадскага актывіста, прымушэннем пакаяцца перад помнікам ды загадкавай смерцю затрыманага ў міліцэйскім аўтамабілі.

«Калі мы часамі кажам супрацоўнікам міліцыі, што яны працуюць за падаткі грамадзянаў і павінныя абараняць іх інтарэсы, яны часта вельмі здзіўляюцца. Яны чамусьці думаюць, што заробак ім прыходзіць асабіста з адміністрацыі прэзідэнта», – распавядае Наста Лойка, праваабарончая арганізацыя «HUMAN CONSTANTA».

Беларуская міліцыя – гэта 56 тысячаў людзей у форме, на ўтрыманне якіх у гэтым годзе мы заплоцім 400 мільёнаў долараў.

Беларусь традыцыйна лічаць адной з самых «паліцэйскіх» дзяржаваў свету, але праваахоўнікаў ніжэйшага звяна хранічна не хапае, і яны перагружаныя працаю. Алег Волчак, прававая дапамога насельніцтву:

«Цярпіць у асноўным участковыя служба, крымінальны вышук на раённым і рэгіянальным узроўні – у вёсках, пасёлках. Няма перспектываў, адсутнасць жытла».

Згвалтаванняў і разбойных нападаў у мінулым годзе стала на 20 адсоткаў менш – адзначае поспехі Міністэрства ўнутраных справаў. Прыярытэтамі міліцыянты называюць таксама барацьбу з карупцыяй і гандлем наркотыкамі – сумнавядомы артыкул 328.

«Па 328 я скажу, што гэта не эфектыўная барацьба, а наадварот – найгоршая барацьба па дадзенай катэгорыі справаў, таму што сядзіць 18 тысячаў моладзі. І гэта сігнал, каб задумацца: а ці правільна яны робяць? Ці тыя павінныя сядзець?» – гаворыць Алег Волчак.

Беларускай міліцыі не хапае адкрытасці ды ўмення камунікаваць з грамадзянамі, зазначаюць праваабаронцы. А што міліцыянтам пажадаюць жыхары Менску?

«Быць чалавечнымі, быць на варце закону, быць справядлівымі. Агулам – ведаць, дзе межы, не пераходзіць іх самім і не даваць пераходзіць іншым людзям».

«Каб яны служылі больш народу, чым уладам! Таму, што для гэтага яны і створаныя, правільна?»

«Крыху больш павагі да людзей у цэлым – і ўсё, у прынцыпе».

Павагі да грамадзянаў і адкрытасці з поўным правам можа патрабаваць і «Белсат» – як адзін з істотных спонсараў беларускай дзяржавы.

У мінулым годзе за сумленнае выкананне журналісцкіх абавязкаў нашую каманду аштрафавалі на 83 тысячы долараў. Гэтага хопіць, каб на працягу года выплочваць заробак 15 участковым ці інспектарам ДАІ.

Аляксандр Папко, belsat.eu