«Праўды мала»: навошта беларусам расейскае тэлебачанне?


Апроч інтэрнэту, тэлебачанне застаецца важнай крыніцай інфармацыі. Але таксама тэлевізар ператварыцца ў зброю інфармацыйнай вайны, як гэта адбылося ва Украіне 5 гадоў таму, калі расейскія СМІ крычалі пра бандэраўцаў і прыгнёт расейскамоўных, каб прыкрыць расейскія гібрыдныя сілы ў Крыме і на Данбасе.

Цяпер толькі адзін украінец з васьмі карыстаецца звесткамі з расейскіх СМІ. А як у нас сітуацыя з уплывам расейскіх тэлеканалаў? Што глядзяць беларусы і каму давяраюць?

Паводле апошняга даследавання «Internews», папулярнасць расейскіх медыяў ва Украіне зніжаецца, найчасцей звяртаюцца да іх сталыя людзі, а таксама тыя, хто не задаволены дзяржаўнай палітыкай. Што датычыць непасрэдна тэлебачання, украінскія эксперты звязваюць гэткае падзенне папулярнасці з дзяржаўнай забаронай шэрагу расейскіх тэлеканалаў.

«Я насамрэч не прыхільнік забаронаў. Таму што гэта свабодная прастора, лічбавая. Але калі табе прадаюць тавар (а гэта тыповы прадукт, тавар), які наносіць шкоду твайму здароўю, то яго трэба забараняць. То бок матывацыя абсалютна простая», – кажа ўкраінскі медыяэксперт Яўген Маслаў.

Закон пра забарону трансляцыі некаторых расейскіх каналаў Кіеў прыняў, каб змагацца з дэзынфармацыяй і фэйкамі. Жыхары Харкава ставяцца да забароны па-рознаму:

«Кепска да гэтага стаўлюся… Чаму? Ну не ведаю, чаму б і не паглядзець?»

«Нейтральна, я ніяк… Няма розніцы».

«Нармальна, у нас сваіх хапае».

Паводле даследавання «Internews», траціна ўкраінцаў мае дачыненні з кімсьці, хто глядзіць расейскае тэлебачанне. У Беларусі лічба тых, каго праз тэлебачанне закранае расейскі кантэнт, удвая вышэйшая, адзначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Паводле апытанняў, якія нядаўна апублікавалі на замову PACT, 63 % беларусаў кажуць, што так ці інакш расейскае тэлебачанне ўплывае. А нават беларускія ўлады, напрыклад, Ігар Бузоўскі ў свой час казаў пра тое, што 65 % кантэнту на беларускім тэлебачанні расейскія».

Найбольш даступныя беларускай аўдыторыі гібрыдныя каналы, такія, як «РТР-Беларусь» ці «НТВ-Беларусь», якія курыруюцца беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі, адзначае эксперт, яны займаюць у рэйтынгу праглядаў пазіцыі вышэйшыя, чым уласнабеларускія каналы. То бок беларусы глядзяць пераважна расейскае тэлебачанне. Але ці давяраюць таму, што бачаць? Пытаемся ў жыхароў Берасця:

«А чаго не давяраць?»

«Слухаем, давяраем, але больш я гляджу беларускае».

«Не, я не гляджу тэлевізар увогуле, я карыстаюся інтэрнэтам».

«Крытычна трэба ацэньваць усю інфармацыю, у тым ліку і расейскую».

«Праўды мала».

«Калі нават паглядзець вечарам расейскія тэлеканалы, то ўсё адно і тое ж – нейкая там Амерыка, Украіна, яны пра свае праблемы не кажуць, больш пра іншыя, шукаюць знешняга ворага. Таму я лічу, што беларусам трэба глядзець беларускія».

Гэтак сама лічыць і эксперт.

«Нават беларускія чыноўнікі кажуць, што варта было б, каб беларускі кантэнт, беларускія медыі займалі большае месца ў спажыванні беларусамі. Таму я думаю, што з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі было б важна мець большы ўплыў беларускага прадукту», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Ва Украіне, напрыклад, для барацьбы з расейскімі фэйкамі паводле інфармацыі Міністэрства культуры, моладзі і спорту, плануюць запусціць новы дзяржаўны расейскамоўны тэлеканал.

Ірына Дарафейчук belsat.eu