Праўда эмігрантаў, ад якой хочацца плакаць


Пяць розных людзей былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму праз пераслед з боку дзяржавы і ваенныя дзеянні. На малой сцэне Лiтоўскага нацыянальнага драматычнага тэатру героі спектаклю «Dreamland» распавядаюць пра свой нялёгкі лёс.

Назва спектаклю – краіна мараў

Туды імкнецца кожны чалавек, які не можа сябе рэалізаваць на радзіме з прычыны карупцыі ды палітычнага пераследу. Героі дакументальнай стужкі – простыя людзі з Расеі, Лівану, Афганістану і Турцыі. Яны размаўляюць на розных мовах, у розны час і з розных матываў пакінулі сваю краіну.

Рэжысёр імкнуўся наблізіць тэматыку міграцыі, паказаць асобы і індывідуальнасці людзей.

«Гэта рэакцыя на дзеянні, якія адбываюцца ў Еўропе, на Блізкім Усходзе. У Літве такой вялікай праблемы як бы і няма, але я адчуваю, што Літва перабывае ў нейкім замкнёным стане. Мы як бы тут жывем, але мы не паўнавартасныя ўдзельнікі еўрапейскага палітычнага рынку, хацелася паказаць, што Літва таксама павінная браць у гэтым удзел. Антырасісцкая ідэя», – распавёў Мантас Янчаўскас, рэжысёр спектаклю «Dreamland».

Гледачы цёпла ўспрынялі спектакль. Шмат каго ён крануў

«Шкада, што так усё атрымліваецца. У прынцыпе тут мая радзіма, у Літве. Але так вось падумаць і з’ехаць, быць імігрантам. А яны ж, наагул, уцекачы, дык гэта ўвогуле вельмі цяжка. Ведаеце, я вось слухала іхныя гісторыі, і мне хацелася плакаць», – дзеліцца пачуццямі наведніца спектаклю.

Наступным разам спектакль можна будзе пабачыць 14-га студзеня. Рэжысёр не выключае, што стужку могуць паказаць і ў Беларусі.

Ганна Русінава, «Белсат»