Працяг судовых канвеераў: сёння больш за 100 судоў над затрыманымі на акцыях пратэсту

Цягам апошніх дзён адбыліся сотні затрыманняў, таму судовыя працэсы працягваюцца. У судзе Ленінскага раёну сёння судзілі сябру Каардынацыйнай рады Вольгу Паўлаву.

Абвінавачанне – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Вынік судовага паседжання – штраф 675 рублёў.

«Працэс прайшоў вельмі хутка, вельмі хутка. То бок 10-15 хвілінаў – класічны варыянт: суддзя сыходзіць на вынясенне прысуду, хутка прысуд», – падзялілася сяброўка Вольгі Паўлавай Юлія Бесман.

У судзе Маскоўскага раёну судзілі кіраўніцу выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Станіславу Гусакову за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Справу адправілі дапрацоўваць, дзяўчына надалей затрыманая, толькі вінавацяць яе ўжо ў арганізацыі акцыі. У судзе Савецкага раёну працягнулася паседжанне ў справе сябры рады грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірыны Сухій. За ўдзел у жаночым маршы 3-га верасня ёй далі 5 содняў, хоць Ірыны ў Менску тады не было.

«І я не ведаю, ці добра ў яе ўсё, ці не збівалі яе…», – абураецца дачка Ірыны Сухій Ганна Воўк.

Зняволеных у Жодзінскім СІЗА судзілі там жа, у тым ліку затрыманых 6-га верасня сябра Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава і незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава. Адвакатаў на суды не пускалі.

«Я ўдакладняла ў валанцёраў, ці будуць спісы з раскладам. Ніякага раскладу няма. Можна толькі маніторыць тэлеграм-каналы, дзе валанцёры пішуць нейкія вынікі судоў, каго адпусцілі, каму штрафы далі. То бок уся інфармацыя толькі праз «Тэлеграм», – распавядае сястра Арцёма Сізінцава Ганна.

Інфармацыя пра Андрэя Ягорава на момант рыхтавання матэрыялу ў чатах так і не з’явілася, а справу Сізінцава адправілі на дапрацоўванне, журналіста вызвалілі. Разглядалі сёння і справу журналіста Сяргея Людкевіча, затрыманага яшчэ 9 жніўня. Гарадзенскі абласны суд адмяніў рашэнне раённага суда і даслаў справу на дапрацоўку. Раней фотакарэспандэнту далі штраф 405 рублёў, хоць той выконваў прафесійныя абавязкі.

«Я спадзяюся, што рашэнне адменяць цалкам, справу спыняць і мяне апраўдаюць, бо я ў прынцыпе невінаваты. Я быў там па працы», – кажа незалежны журналіст Сяргей Людкевіч.

На нядзельнай акцыі пратэсту ў Віцебску таксама былі затрыманні. Гэтак, Алегу Падабаеву, затрыманне якога бачна на відэа, прысудзілі 270 рублёў штрафу за ўдзел у пратэсце.

«Пратакол, які склалі, па шаблоне. То бок мы з хлапцамі спраўджвалі: усё адзін у адзін ува ўсіх», – абураецца затрыманы на акцыі пратэсту Алег Падабаеў.

Такое ж пакаранне, 270 рублёў, вынеслі і Аліне Беладзедавай з Гомля за ўдзел у пікеце каля заводу «Гомсельмаш» 18 жніўня.

«Усё роўна нас гэтым не запужаеш. Мы жанчыны, мы моцныя, мы беларускі, а беларускі – гэта, як правіла, моцныя жанчыны, моцныя духам», – упэўненая абвінавачаная ва ўдзеле ў акцыі пратэсту Аліна Беладзедава.

Больш за сто судоў над затрыманымі на акцыях пратэсту адбыліся сёння па ўсёй Беларусі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Глядзі таксама