Працяг судовай штодзённасці. У пятніцу судзілі адвакатку Марыі Калеснікавай


Адвакатку Людмілу Казак схапілі двое невядомых і амапавец на вуліцы Камуністычнай. Затрымлівалі за нібы ўдзел у акцыі 30 жніўня.

«Насамрэч яна была ў гэты дзень у ГЦ «Галілеа» з дачкою, куплялі рэчы да школы. Сведкамі ў пратаколах былі пазначаны «Івановы Іваны Іванавічы» – то бок асобы, чые персанальныя звесткі былі змененыя», – кажа адвакат Людмілы Віктар Мацкевіч.

У выніку адвакатку прызналі вінаватай па артыкуле 23.4 – непадпарадкаванне службовай асобе і далі штраф 675 рублёў. Сёння ж стала вядома, што кліентка спадарыні Людмілы – Марыя Калеснікава – застаецца за кратамі прынамсі да лістапада. Менскі гарадскі суд прызнаў рашэнне суда Партызанскага раёну законным і адхіліў скаргу адвакатаў.

«Рашэнне суда можна апратэставаць праз старшыню Менскага гарадскога суда або генпракурора і пракурора гораду, але гэта малаверагодна, за апошнія 20 гадоў я такіх выпадкаў у нас не чуў. Меру стрымання можа змяніць орган расследавання, або пры наступным падаўжэнні меры стрымання яе могуць не падоўжыць», – распавядае адвакат Марыі Калеснікавай Аляксандр Пыльчанка.

Працягвае галадаванне пратэсту ў СІЗА сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Максім Знак. Сёння абаронцы адваката запісалі на ягонае падтрыманне відэазварот, дзе паведамілі, што галадоўка адваката ў СІЗА – беспрэцэдэнтны выпадак.

«Яму выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу – «Публічныя заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі». Публічныя заклікі: значыць, пэўныя выказванні. Якія выказванні? Мы не ведаем. Макс не ведае. Нам не кажуць. Але мы бачым, што ўсе выказванні Макса аб правах – законныя. Такім чынам адваката пераследуюць за выказванні аб прававых пытаннях», – кажа ў відэазвароце адвакат Сяргей Зікрацкі.

Агулам у Беларусі сёння адбылося каля 50 судоў над удзельнікамі мірных акцыяў пратэсту. На момант рыхтавання матэрыялу вядома, што прыблізна палову пакаралі штрафамі, прыблізна 25-ці мірным дэманстрантам далІ содні арышту.

«Мы актыўна займаемся зборам інфармацыі, актыўна развіваем валанцёрскі рух, нягледзячы на тое, што была затрыманая нашая каардынатарка валанцёрскай службы Марфа Рабкова», – распавядае праваабаронца менскага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка.

У рэгіёнах сёння таксама працяг судоў. Муж Веранікі ШчамялёвайІгар – правёў двое содняў у няволі. 23 верасня мужчыну затрымалі, калі той прыехаў у Ленінскі РАУС Магілёва на размову. Сёння Ігару Шчамялёву далІ 5 дзён за ўдзел у пратэстах 30-га жніўня і 6 верасня. Жонку Ігара таксама чакае суд паводле таго ж артыкулу 23.34.

«Супрацоўнікі, якія яго сюды прывозілі і забіралі, нават не давалі 5 хвілін паразмаўляць нам, як асабліва небяспечнага злачынцу», – заўважыла жонка Ігара Вераніка Шчамялёва.

У Віцебску ж напярэдадні затрымалі некалькі студэнтаў. Ноч яны правялі ў мясцовым СІЗА. Некаторых сёння пачалі выпускаць. Вядома, што студэнтку віцебскай ветэрынарнай акадэміі затрымалі паводле артыкулу 23.34 за ўдзел у шэсці 20 жніўня.

«Я думаю, што ў той дзень шмат людзей затрымалі, бо было вельмі шмат хлопцаў, я бачыла, стаяла разам са мной, ехалі хлопцы. І чуваць было з размоваў, што зараз паедуць яшчэ кагосьці забіраць», – узгадвае вызваленая з СІЗА Настасся Чарнавок.

Дакладная колькасць затрыманых студэнтаў і прычына затрымання дасюль невядомыя.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»