Працяг нашумелай «справы медыкаў»: 7 з паловаю гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці


7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці – такія прысуды атрымалі двое чарговых фігурантах нашумелай справы медыкаў. За якія злачынствы пакаралі заслужанага навукоўца Аляксандра Бялецкага і чыноўніка Андрэя Стрыжака? Ці дзясяткі арыштаў дапамогуць зрабіць медыцыну больш таннай і якаснай?

Усяго праз некалькі хвілінаў гэты чалавек – акадэмік Аляксандр Бялецкі – пачуе прысуд: 7 з паловаю гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Сябры не маглі ў гэта паверыць.

«У нас чалавека вельмі лёгка агаварыць, а затым ён вымушаны адмывацца!» – кажа Валерый Булахоўскі, сябра асуджанага.

Бялецкага прызналі вінаватым у атрыманні хабару ад фірмаў, што пастаўлялі і рамантавалі медтэхніку. Даказаная сума хабару – 3 тысячы долараў і 4 тысячы еўраў. А вось сума сканфіскаванай у медыка маёмасці большая ў сотні разоў. Віктар Федаровіч, журналіст «Белгазеты»:

«Акадэмік Бялецкі рашэннем суда першай інстанцыі згубіў дом у Ратамцы, кватэру ў Менску, некалькі гаражоў, больш за 100 тысячаў долараў на рахунках у банках, а наяўнымі ён згубіў усе грошы, якія быццам бы падарылі яму сябры – больш за 360 тысячаў долараў і 60 тысячаў еўраў».

Такі ж прысуд – 7 з паловаю гадоў з канфіскацыяй – атрымаў і былы начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак. Суд прызнаў, што цягам 4 гадоў чыноўнік атрымліваў хабар ад фірмаў, якія пастаўлялі тэхніку для медустановаў. Журналіст Ігар Ільяш:

«З улікам таго, што даюць максімальныя тэрміны, якія просяць пракуроры, можна сцвярджаць, што працэсы маюць паказальны прапагандысцкі аспект. Яны мусяць прадэманстраваць, што, маўляў, была праблема з цэнамі на лекі і вось – мы развязваем яе».

Справа медыкаў – самая вялікі антыкарупцыйны працэс у гісторыі Беларусі. Летась паводле гэтай справы затрымалі каля 30 лекараў і 37 чыноўнікаў. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Сотні тысячаў долараў у тайніках, у гаражах ды іншае. Як гэта магло адбыцца? Чаму так адбылося? Я ж, прызначаючы вас, вашую ўвагу звярнуў на гэта!»

Аднак падзення цэнаў пасля серыі арыштаў не назіраецца. Гавораць жыхары Магілёва:

«Кажуць пастаянна пра тое, што цэны паніжаюцца, прыходзіш – а яны не панізіліся».

«Я быў у Расеі. Там таннейшыя шмат якія прэпараты – гэта факт».

«Нічога не памянялася. Калі адзін мой прэпарат каштаваў 12 рублёў, ён цяпер столькі ж каштуе. Але мне прапанавалі іншы, бо выпуск іншага прадпрыемства, і ён каштуе ўдвая танней».

Дарагавізну і ніжэйшую якасць можа спарадзіць не толькі карупцыя, але і манаполія. Усіх вытворцаў лекаў у Беларусі летась аб’ядналі ў холдынг «Белфармпрам». Пастаўкамі медычнага абсталявання займаецца прадпрыемства «Белмедтэхніка», а на аптэчным рынку дамінуе «Белфармацыя». Іхныя партнёры – нешматлікія прыватныя фірмы. Заганы беларускага рынку лекаў прадэманстраваў і суд.

«Паўсюль гаворка ішла пра тое, што злоўжывання ўладаю не было. Хабары былі, але перамагалі на тэндарах кампаніі справядліва, бо сапраўды былі найлепшыя і ў іх былі найлепшыя прапановы. Але прапановы былі найлепшыя і яны перамагалі, бо сапраўды былі манапалістамі», – кажа Ігар Ільяш, журналіст.

Прадпрымальнікі падчас суда прызнаваліся, што плацілі чыноўнікам хабар не дзеля таго, каб атрымаць выгадны кантракт, а проста каб дзяржустановы ў час плацілі за пастаўленыя тавары і паслугі.

Аляксандр Папко, belsat.eu